Brexit - Як быць?

Як быць з аб'ектамі інтэлектуальнай уласнасці пасля Brexit

31 студзеня 2020 года Вялікабрытанія спыніла сяброўства ў ЕС. Што ў сувязі з гэтым неабходна ведаць уладальнікам і заяўнікам аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці на тэрыторыі Вялікабрытаніі?

З 1 лютага па 31 снежня 2020 года, у адпаведнасці з Пагадненнем аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС, будзе дзейнічаць пераходны перыяд, на працягу якога на тэрыторыі Вялікабрытаніі будзе прымяняцца права ЕС. Адпаведна, ахова аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, правы на якія ўзніклі ў ЕС да канца пераходнага перыяду, будзе распаўсюджвацца на тэрыторыю Вялікабрытаніі.

Таварныя знакі і знакі абслугоўвання

Таварныя знакі ЕС (ТЗ ЕС) з захаваннем усіх дат прыярытэту будуць перарэгістраваны Ведамствам па інтэлектуальнай уласнасці Вялікабрытаніі аўтаматычна і пачнуць сваё дзеянне з 1 студзеня 2021. Пасведчанне на таварны знак Вялікабрытаніі пры гэтым выдавацца не будзе.

Аднак такі парадак не будзе распаўсюджвацца на заяўкі на рэгістрацыю ТЗ ЕС. Калі справаводства па такіх заяўках не завершыцца да 31 снежня 2020 года, то заяўнікі будуць мець права на працягу 9 месяцаў пасля заканчэння пераходнага перыяду падаць аналагічныя заяўкі ў Вялікабрытаніі, пры гэтым будуць захаваны ўсе даты прыярытэту. Каб скарыстацца гэтым правам, трэба заявіць тоеснае абазначэнне, а тавары і/або паслугі павінны быць або ідэнтычнымі, або пакрывацца спісам тавараў і паслуг у еўрапейскай заяўцы.

Зарэгістраваныя прамысловыя ўзоры

Дзеянне зарэгістраваных прамысловых узораў ЕС будзе распаўсюджвацца на тэрыторыю Вялікабрытаніі па 31 снежня 2020 года ўключна. Гэтыя прамысловыя ўзоры будуць перарэгістраваны ў Вялікабрытаніі аўтаматычна і пачнуць сваё дзеянне з 1 студзеня 2021.

Гэты парадак не распаўсюджваецца на заяўкі на рэгістрацыю прамысловых узораў ЕС. Калі справаводства па такіх заяўках не завершыцца да 31 снежня 2020 года, заяўнікі будуць мець права на працягу 9 месяцаў пасля заканчэння пераходнага перыяду падаць аналагічныя заяўкі ў Вялікабрытаніі.

Міжнародныя рэгістрацыі з указаннем ЕС

Міжнародныя рэгістрацыі таварных знакаў і прамысловых узораў, якія атрымалі прававую ахову да заканчэння пераходнага перыяду, будуць і далей ахоўвацца ў Вялікабрытаніі. Разам з тым, міжнародныя рэгістрацыі таварных знакаў з указаннем ЕС не будуць распаўсюджвацца на Вялікабрытанію з 1 студзеня 2021 года.

Ведамства па інтэлектуальнай уласнасці Вялікабрытаніі і Сусветная арганiзацыя iнтэлектуальнай уласнасцi (САІУ) абмяркоўваюць магчымасці захаваць дзеянне міжнародных рэгістрацый, якія атрымалі прававую ахову пасля 31 снежня 2020 года.

Магчыма, у дачыненні да міжнародных заявак, разгляд якіх не завершыцца да 31 снежня 2020 года ўключна, будзе прымяняцца тая ж працэдура, што і ў дачыненні да заявак на таварныя знакі і прамысловыя ўзоры ЕС.

Вынаходствы

Еўрапейскі патэнт на вынаходства можа быць атрыманы за дапамогай заяўкі, пададзенай ў Ведамства па інтэлектуальнай уласнасці Вялікабрытаніі ці ў Еўрапейскае патэнтнае ведамства (ЕПВ) праз прымяненне Еўрапейскай патэнтнай канвенцыі.

Паколькі ЕПВ не з'яўляецца органам ЕС, Brexit не паўплывае на дзеючую Еўрапейскую патэнтавую сістэму. Еўрапейскія патэнты, якія распаўсюджваюць сваё дзеянне на Вялікабрытанію, не будуць закрануты.

Аўтарскае права

Адносіны па ахове правоў на творы паміж Вялікабрытаніяй і ЕС рэгулююцца міжнароднымі дамовамі па аўтарскім праве, дзеянне якіх не залежыць ад стасункаў Вялікабрытаніі з ЕС.

Трансгранічныя пагадненні па аўтарскім праве, якія прымяняюцца ў ЕС, працягнуць сваё дзеянне да канца пераходнага перыяду. Статус гэтых пагадненняў пасля 31 снежня 2020 года будзе залежаць ад будучых адносін Вялікабрытаніі і ЕС.

Пагадненне аб выхадзе ўсталёўвае, што правы на базы дадзеных, якія будуць існаваць у Вялікабрытаніі і ў ЕС на канец пераходнага перыяду, працягнуць сваё існаванне на абедзвюх тэрыторыях да заканчэння тэрміну свайго дзеяння.

Крыніца: https://www.gov.uk/government/news/intellectual-property-and-the-transition-period