21 лістапада – Сусветны дзень вітанняў

Сусветны дзень вітанняў сёлета будзе адзначацца ўжо ў 48 раз. Ідэя яго правядзення належыць двум амерыканцам, братам Майклу і Браяну Маккормакам. Ідэя нарадзілася ў 1973 годзе, у перыяд халоднай вайны, у знак пратэсту супраць узмацнення міжнароднай напружанасці і як спосаб барацьбы за мір. Падзеяй, якая непасрэдна падштурхнула братоў да такога рашэння, стаў чарговы канфлікт, які выбухнуў паміж Егіптам і Ізраілем (так званая “Вайна Суднага дня”).

Як адзначыў сам Майкл Маккормак, яны з братам хацелі зрабіць нешта, што падкрэслівала б важнасць асабістых зносін для захавання міру.

У выніку браты накіравалі 1360 вітальных лістоў на сямі мовах розным дзяржаўным дзеячам з прапановай падтрымаць ініцыятыву і адзначыць першы ў гісторыі Сусветны дзень вітанняў.
Тады, у 1973 годзе, ідэю падтрымалі жыхары ўсяго 15 краін. Але ў наступныя гады іх колькасць паступова павялічвалася, і сёння Сусветны дзень вітанняў адзначаецца ў 180 краінах свету, незалежна ад узросту, прафесіі, сферы дзейнасці, палітычных поглядаў. Браты Маккормакі дагэтуль займаюцца прасоўваннем ініцыятывы Сусветнага дня вітанняў, у якой нават ёсць свой сайт у сетцы інтэрнэт - http://www.worldhelloday.org.

Далучыцца да ініцыятывы Сусветнага дня вітанняў вельмі проста. Для гэтага патрэбна ўсяго толькі ў дзень святкавання, 21 лістапада, павітаць хаця б 10 чалавек. Гэты маленькі крок абавязкова запусціць мноства ланцуговых рэакцый і, ахапіўшы пазітывам асабістых зносін вялікую колькасць людзей, нагадае ім пра важнасць наладжвання і падтрымання дыялогу, каштоўнасць асабістай камунікацыі і праяўлення прыязнасці пры ўсталяванні кантактаў, прадухіленні і вырашэнні канфліктаў. Выявіць сваё вітанне можна абсалютна рознымі даступнымі спосабамі: вербальна, жэстам, паштоўкай, ветлівай усмешкай, адпраўкай смайліка ў мэсэнджары і г.д.

У міжнародных зносінах этыкет у сферы вітання збольшага ўніверсальны. Пры гэтым у кожнай краіне і ў кожнага народа звычаі вітаць адно аднаго маюць свае адметнасці, часам даволі каларытныя. Адрозніваюцца жэсты і літаральнае тлумачэнне вітальных слоў: эскімосы труцца насамі, у Лацінскай Амерыцы, Італіі і Францыі пры сустрэчы часта абдымаюцца або цалуюцца, у Злучаных Штатах Амерыкі і амаль ва ўсёй Заходняй Еўропе ціснуць адно аднаму рукі, у Японіі і Кітаі вітальным жэстам выступае паклон і г.д. Вербальнае ж вітанне, напрыклад, у арабаў гучыць як “Мір вам”, у кітайцаў – “Ты добры”, у Расіі ў вітальнае слова закладзена пажаданне здароўя, у Беларусі часта жадаюць добрай раніцы (дня, вечара). Аднак, нягледзячы на нацыянальныя адрозненні ў знешнім выяўленні вітання, сэнс яго заўжды застаецца нязменным – праява ўвагі і прыязнасці да суразмоўцы.

Але, якім бы цудоўным ні быў Сусветны дзень вітанняў, трэба памятаць, што прыязнасць у дачыненні да навакольных людзей варта праяўляць не толькі 21 лістапада. Вельмі важна ператварыць яе ў штодзённую практыку, паколькі толькі шляхам ветлівых зносін, праяўляючы павагу да суразмоўцы, без ужывання пагроз і прымянення сілы, можна паспяхова вырашаць практычна любыя пытанні і спрэчкі.