Як стымуляваць юных вынаходнікаў? Ажыццяўляць іх ідэі!

Вы знаёмыя з якімсьці малым вынаходнікам? Пакажыце яму сайт https://www.littleinventors.org!

Гэты праект узнік дзякуючы англійскаму мастаку і вынаходніку Дамініку Уілкаксу. У 2016 годзе Дамінік прапанаваў дзецям прыдумаць карысныя рэчы і намаляваць іх, пасля чаго аддаў дзіцячыя праекты дарослым, каб тыя ўвасобілі іх у жыццё. 

Каманда праекта littleinventors.org заклікае сур’ёзна ставіцца да дзівосных дзіцячых ідэй. Місія каманды – даць дзецям усяго свету магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці, дэманстраваць уменне вырашаць праблемы. Праекты юных вынаходнікаў – гэта і выклік для дарослых экспертаў і майстроў, бо пры ўвасабленні дзіцячых ідэй ім даводзіцца выходзіць за звыклыя рамкі. Мы выбралі самыя цікавыя (на наш погляд) праекты, ажыццёўленыя Little inventors. 

Тапачкі з прысоскамі для астранаўтаў прапанаваў зрабіць 10-гадовы Чарлі. Такія тапачкі дапамогуць касманаўтам “зазямліцца” на касмічным караблі, а не лунаць ўвесь час у бязважкасці.

5-гадовая Junjun з Кітая прыдумала і намалявала музычную лыжку для мамы, каб ёй не было сумна ў часе гатавання ежы.

 Ідэя з гадзіннікам панікі прыйшла ў галаву Ефрану, калі яго малодшая сястра згубілася ў гандлёвым цэнтры. Згубіўшыся, малому варта толькі націснуць на кнопку на гадзінніку – і сігнал з месцазнаходжаннем трапляе на тэлефон бацькоў.

Выдатнае вынаходства 12-гадовай Noorelhoda – парасон прымацоўваецца да таліі, абараняе ад дажджу і сонца, пры гэтым рукі застаюцца свабоднымі.

Вынаходства для аматараў садоўніцтва! Калі вашай расліне нестае сонечнага святла цягам дня, пастаўце яе на платформу, вынайдзеную Артурам з Вялікабрытаніі. Платформа рухаецца за сонечным святлом, і ваша расліна ўвесь дзень грэецца ў сонечных промнях.

(Цікава, як будзе выглядаць сад, поўны рухомых раслін?) 

Нішто так не яднае, як сямейны самакат! 9-гадовая Вэндзі з Вялікабрытаніі прыдумала самакат для вялікай сям’і, а прадстаўнікі кампаніі АМАР (даследаванні і распрацоўкі аўтамабілебудавання) рэалізавалі ідэю дзяўчынкі. 

На сённяшні дзень на сайце можна знайсці больш за 1500 ідэй, прыдуманых дзецьмі з 22 краін.