Марк Твэн — пісьменнік. І вынаходнік!

“Я забыўся паведаміць, што першае маё дзяржаўнае мерапрыемства, арганізаванае мной у першы дзень заступлення на пасаду, заключалася ў тым, што я заснаваў бюро патэнтаў, бо я ведаў, што краіна без бюро патэнтаў і без жорсткіх законаў, якія абараняюць правы вынаходнікаў, падобная да рака, які можа рухацца толькі ўбок ці назад”.

“Янкі з Канэктыкута пры двары караля Артура”. Марк Твэн. 

Калі вы чыталі “Янкі з Канэктыкута пры двары караля Артура” Марка Твэна, то найверагодней маглі задацца пытаннем, чаму пісьменнік лічыў першаснай абарону правоў вынаходнікаў. Пытанне робіцца відавочным, калі звярнуцца да біяграфіі Марка Твэна (Сэмюэла Клеменса): ён захапляўся вынаходствам карысных для побыту дробязяў і патэнтаваў свае вынаходкі. 

Так, Марк Твэн вынайшаў самарэгулюемыя шлейкі для камізэлек, панталонаў і кашуль (патэнт атрыманы ў 1871 годзе), альбом для выразак з самаклейнымі старонкамі (1873), гульню “Mark Twain’s Fact and Date” (1885). 

Альбом для выразак быў найбольш удалай вынаходкай: ён прынёс Марку Твэну $50 000$ (апісанне вынаходкі глядзіце тут). Таксама ён фінансаваў не вельмі паспяховыя вынаходствы іншых людзей, праз што быў вымушаны абвясціць пра банкруцтва. Дарэчы, Марк Твэн сябраваў з Ніколам Тэслам і часта бываў у яго лабараторыі, а напрыканцы жыцця ў яго гасцяваў Томас Эдысан.