Вынаходнiцтвы, якiя змянiлi свет: радыё

Радыё даўно і трывала ўвайшло ў наша жыццё. Перадача дадзеных з дапамогай радыёхваль выкарыстоўваецца сёння не толькі для дыстанцыйнай сувязі, тэле- і радыёвяшчання, але таксама для радыёлакацыі, радыёнавігацыі, у медыцыне, крыміналістыцы і многіх іншых галінах. Вынаходнікам радыё лічыцца Аляксандр Сцяпанавіч Папоў. 7 мая 1895 года на пасяджэнні Рускага фізіка-хімічнага грамадства ў Пецярбургу Папоў прадэманстраваў дзеянне сваёй прылады, якая стала, па сутнасці, першым у свеце радыёпрыёмнікам. Пачынаючы з 1945 года, 7 мая сталі штогод адзначаць у СССР як Дзень радыё. Варта адзначыць, што паралельна з Паповым даследаванні ў галіне радыёсувязі вялі і іншыя навукоўцы: Нікола Тэсла, Гульельма Марконі, Томас Эдысан, а таксама беларус Якаў Наркевіч-Ёдка.