Марыя Складоўская-Кюры. Выкарыстанне радыяцыі ў медыцыне

Марыя Складоўская нарадзілася ў Польшчы, але ў 1891 г. з’ехала вывучаць хімію і фізіку ў Сарбоне. Яна стала адной з найлепшых студэнтак універсітэта і пазнаёмілася з П’ерам Кюры, які чытаў лекцыі па фізіцы. У 1895 г. яны пабраліся шлюбам і да самай смерці П’ера ў 1906 г. працавалі разам. Муж і жонка Кюры вывучалі радыеактыўнасць, адкрылі элементы радый і палоній (апошні атрымаў сваю назву ў знак павагі да радзімы Марыі) і ў 1903 г. сумесна з Анры Бэкерэлем атрымалі Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Марыя Кюры была першай у свеце жанчынай, ушанаванай Нобелеўскай прэміяй, і першым чалавекам, уганараванай ёй двойчы, бо ў 1911 г. ёй таксама была ўручана Нобелеўская прэмія па хіміі. Падчас Першай сусветнай вайны Марыя навучала ваенных медыкаў выкарыстанню рэнтгенаўскіх прамянёў для выяўлення шрапнэлі ў целе параненага, дапамагала ствараць  радыялагічныя ўстаноўкі ў прыфрантавой зоне. Даследавала ўдзеянне радыяцыі на ракавыя клеткі.