У Рэспубліцы Беларусь паступальна павялічваецца колькасць рэгіструемых дагавораў франчайзінгу (дагавораў комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі).Указаны дагавор прадугледжвае абавязак праваўладальніка даць карыстальніку на акрэслены ў дагаворы франчайзінгу тэрмін або без указання тэрміну ліцэнзійны комплекс, які ўключае права выкарыстання фірменнага наймення праваўладальніка, іншых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, прадугледжаных дагаворам франчайзінгу, а таксама нераскрытай інфармацыі ў прадпрымальніцкай дзейнасці карыстальніка. У сваю чаргу карыстальнік выплачвае праваўладальніку ўзнагароджанне за даванне ліцэнзійнага комплексу.
Дагаворам франчайзінгу можа быць прадугледжана права карыстальніка дазваляць іншым асобам выкарыстоўваць дадзены яму ліцэнзійны комплекс або частку гэтага комплексу на ўмовах, узгодненых ім з праваўладальнікам або вызначаных у дагаворы франчайзінгу (комплексная прадпрымальніцкая субліцэнзія, субфранчайзінг).
Дагавор франчайзінгу, змяненне і датэрміновае скасаванне дагавора франчайзінгу падлягаюць рэгістрацыі ў патэнтным органе. У адносінах з трэцімі асобамі бакі дагавора франчайзінгу маюць права спасылацца на змяненне дагавора з моманту рэгістрацыі гэтага змянення. Адпаведныя звесткі ўносяцца ў Дзяржаўны рэестр дагавораў комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу) Рэспублікі Беларусь. Дагаворы франчайзінгу пры адсутнасці іх рэгістрацыі ў патэнтным органе лічацца несапраўднымі.
Калі па дагаворы комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу) перадаюцца правы ў адносінах да вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў, сартоў раслін, тапалогій інтэгральных мікрасхем, таварных знакаў, такія дагаворы таксама падлягаюць рэгістрацыі ў Дзяржаўным рэестры ліцэнзійных дагавораў, дагавораў уступкі і дагавораў закладу правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь.