Ліцэнзійныя дагаворы

У Дзяржаўным рэестры ліцэнзійных дагавораў, дагавораў уступкі і дагавораў закладу правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь падлягаюць рэгістрацыі ліцэнзійныя дагаворы, субліцэнзійныя дагаворы аб даванні права выкарыстання наступных аб’ектаў прамысловай уласнасці, якія ахоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь:

  • вынаходствы;
  • карысныя мадэлі;
  • прамысловыя ўзоры;
  • сарты раслін;
  • тапалогіі інтэгральных мікрасхем;
  • таварныя знакі і знакі абслугоўвання.

Па ліцэнзійным дагаворы бок, які валодае выключным правам выкарыстання аб’екта інтэлектуальнай уласнасці (ліцэнзіяр), дае іншаму боку (ліцэнзіяту) дазвол выкарыстоўваць адпаведны аб’ект інтэлектуальнай уласнасці. Не дапускаецца бязвыплатнае даванне права выкарыстання аб’екта інтэлектуальнай уласнасці ў адносінах паміж камерцыйнымі арганізацыямі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі. 

Ліцэнзійны дагавор можа прадугледжваць даванне ліцэнзіяту:

  • права выкарыстання аб’екта інтэлектуальнай уласнасці з захаваннем за ліцэнзіярам права яго выкарыстання і права выдачы ліцэнзіі іншым асобам (простая, невыключная ліцэнзія);
  • права выкарыстання аб’екта інтэлектуальнай уласнасці з захаваннем ліцэнзіярам права яго выкарыстання ў частцы, якая не перадаецца ліцэнзіяту, але без права выдачы ліцэнзіі іншым асобам (выключная ліцэнзія). Калі ў ліцэнзійным дагаворы не прадугледжана іншае, ліцэнзія мяркуецца простай (невыключнай);
  • іншых відаў ліцэнзій, якія дапускаюцца заканадаўчымі актамі.

Ліцэнзійным дагаворам можа быць прадугледжана права ліцэнзіята заключыць дагавор аб даванні права выкарыстання аб’екта інтэлектуальнай уласнасці іншай асобе ў межах, вызначаных ліцэнзійным дагаворам (субліцэнзійны дагавор). Адказнасць перад ліцэнзіярам за дзеянні субліцэнзіята нясе ліцэнзіят, калі ліцэнзійным дагаворам не прадугледжана іншае.

Ліцэнзійны дагавор і змяненні ў ліцэнзійны дагавор рэгіструюцца ў патэнтным органе. Такія ж патрабаванні прад’яўляюцца і да субліцэнзійнага дагавора. Ліцэнзійныя дагаворы пры адсутнасці іх рэгістрацыі ў патэнтным органе лічацца несапраўднымі.

Ліцэнзійныя дагаворы аб даванні права на выкарыстанне вынаходстваў, якія ахоўваюцца еўразійскімі патэнтамі, дзеянне якіх распаўсюджваецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, рэгіструюцца ў патэнтным органе Рэспублікі Беларусь.

Ліцэнзійны дагавор аб даванні права на выкарыстанне падахоўных у Рэспубліцы Беларусь таварных знакаў, зарэгістраваных па працэдуры Мадрыдскага пагаднення аб міжнародный рэгістрацыі знакаў і (або) Пратакола да Мадрыдскага пагаднення аб міжнароднай рэгістрацыі знакаў, рэгіструюцца Міжнародным бюро Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці.