Да сродкаў індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, работ і паслуг побач з таварнымі знакамі і знакамі абслугоўвання, геаграфічнымі ўказаннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносіць фірменныя найменні.
Фірменнае найменне юрыдычнай асобы вызначаецца пры зацвярджэнні статута юрыдычнай асобы і падлягае рэгістрацыі шляхам уключэння ў Адзіны дзяржаўны рэестр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Юрыдычная асоба мае выключнае права выкарыстоўваць сваё фірменнае найменне на таварах, іх упакоўцы, у рэкламе, шыльдах, праспектах, рахунках, друкаваных выданнях, афіцыйных бланках і іншай дакументацыі, звязанай з яе дзейнасцю, а таксама пры дэманстрацыі тавараў на выставах і кірмашах, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Згодна з арт. 8 Парыжскай канвенцыі па ахове прамысловай уласнасці 1883 года, удзельніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, фірменнае найменне ахоўваецца ва ўсіх краінах Саюза па ахове прамысловай уласнасці без абавязковай падачы заяўкі або рэгістрацыі і незалежна ад таго, ці з’яўляецца яно часткай таварнага знака.
Не можа быць зарэгістравана фірменнае найменне юрыдычнай асобы, падобнае да ўжо зарэгістраванага настолькі, што гэта можа прывесці да атаясамлення некалькіх юрыдычных асоб.
Адчужэнне і пераход права на фірменнае найменне юрыдычнай асобы не дапускаецца, апрача выпадкаў рэарганізацыі юрыдычнай асобы ці адчужэння прадпрыемства ў цэлым. Уладальнік права на фірменнае найменне можа дазволіць іншай асобе выкарыстанне свайго наймення (выдаць ліцэнзію). Аднак пры гэтым у ліцэнзійным дагаворы павінны быць прадугледжаныя меры, якія выключаюць увядзенне спажыўца ў зман.
Дзеянне права на фірменнае найменне спыняецца з ліквідацыяй юрыдычнай асобы або са змяненнем яе фірменнага наймення.
Фірменнае найменне і нядобрасумленная канкурэнцыя
У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дзеянні, здольныя выклікаць змяшэнне ў адносінах да суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку праз незаконнае выкарыстанне суб’ектам гаспадарання фірменнага наймення, якое яму не належыць, а таксама ўвядзенне ў грамадзянскі абарот тавараў з незаконным выкарыстаннем фірменных найменняў прызнаюцца нядобрасумленнай канкурэнцыяй. Таксама не дапускаецца нядобрасумленная канкурэнцыя, звязаная з набыццём і выкарыстаннем выключнага права на фірменныя найменні ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў.
Асоба, якая здзяйсняе нядобрасумленную канкурэнцыю, абавязаная спыніць супрацьпраўныя дзеянні і апублікаваць абвяржэнне распаўсюджаных звестак і дзеянняў, што складаюць змест нядобрасумленнай канкурэнцыі. Асоба, пацярпелая ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, мае права патрабаваць ад нядобрасумленнага канкурэнта пакрыцця нанесенай шкоды.
Пры ўстанаўленні акта нядобрасумленнай канкурэнцыі антыманапольны орган мае права выносіць суб’ектам гаспадарання і іх службовым асобам абавязковыя да выканання прадпісанні аб змяненні ці абмежаванні выкарыстання фірменнага наймення.
Суадносіны права на фірменнае найменне і права на таварны знак
У адпаведнасці з пп. 4.3 п. 4. арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання” не могуць быць зарэгістраваныя ў якасці таварнага знака ў адносінах да аднародных тавараў абазначэнні, тоесныя ці падобныя да ступені змяшэння з падахоўным у Рэспубліцы Беларусь фірменным найменнем (асобнымі элементамі гэтага наймення), права на якое ў Рэспубліцы Беларусь узнікла ў іншай асобы раней за дату прыярытэту рэгіструемага таварнага знака.