Lexpatent_logo

Патэнт Рэспублікі Беларусь на прамысловы ўзор

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выключнае права на прамысловы ўзор ахоўваецца дзяржавай і сведчыцца патэнтам. Аб’ём прававой аховы, якая даецца патэнтам Рэспублікі Беларусь на прамысловы ўзор, вызначаецца графічнымі відарысамі вырабу (макетам, малюнкам).

Выключнае права на выкарыстанне прамысловага ўзору ўключае права выкарыстоўваць прамысловы ўзор па сваім меркаванні, калі гэта не парушае правоў іншых асоб, а таксама забараняць выкарыстанне прамысловага ўзору іншым асобам.

Выключнае права на выкарыстанне запантэнтаванага прамысловага ўзору ажыццяўляецца патэнтаўладальнікам у перыяд дзеяння патэнта лічачы з даты публікацыі ў афіцыйным бюлетэні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці звестак аб выдачы гэтага патэнта.

Тэрмін дзеяння патэнта на прамысловы ўзор – 10 гадоў з даты падачы заяўкі. Тэрмін дзеяння можа быць прадоўжаны па хадайніцтве патэнтаўладальніка, але не больш як на 5 гадоў.

Заяўка на выдачу патэнта на прамысловы ўзор падаецца ў патэнтны орган Рэспублікі Беларусь – Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, які праводзіць экспертызу заяўкі і прымае рашэнне аб выдачы патэнта на прамысловы ўзор ці аб адмове ў выдачы патэнта.

 Заяўка на прамысловы ўзор павінна адносіцца да аднаго прамысловага ўзору або групы прамысловых узораў, якія належаць да аднаго класа Міжнароднай класіфікацыі прамысловых узораў, уведзенай Лакарнскім пагадненнем ад 8 кастрычніка 1968 года (патрабаванне адзінства прамысловага ўзору).

Экспертыза заяўкі на праверку адпаведнасці заяўленага прамысловага ўзору ўмовам патэнтаздольнасці не ажыццяўляецца. У ходзе правядзення экспертызы заяўкі на прамысловы ўзор правяраюцца наяўнасць неабходных дакументаў, датрымліванне ўстаноўленых патрабаванняў да іх і разглядаецца пытанне пра тое, ці адносіцца заяўленая прапанова да аб’ектаў, якія ахоўваюцца ў якасці прамысловых узораў.

Прамысловаму ўзору можа быць дадзена прававая ахова, калі ён з’яўляецца:

  • мастацкім ці мастацка-канструктарскім рашэннем вырабу (прадмета прамысловай ці саматужнай вытворчасці), што вызначае яго знешні выгляд,
  • новым,
  • арыгінальным.

Прамысловы ўзор прызнаецца новым, калі ён невядомы са звестак, якія сталі агульнадаступнымі* ў свеце да даты прыярытэту прамысловага ўзору. Таксама пры вызначэнні навізны прамысловага ўзору ўлічваюцца ўсе, якія маюць больш ранні прыярытэт у Рэспубліцы Беларусь, пададзеныя іншымі асобамі неадкліканыя заяўкі на прамысловыя ўзоры, а таксама запатэнтаваныя ў Рэспубліцы Беларусь прамысловыя ўзоры.

*Не прызнаецца акалічанасцю, якая ўплывае на патэнтаздольнасць прамысловага ўзору, такое раскрыццё інфармацыі, датычнай прамысловага ўзору, аўтарам, заяўнікам ці любой асобай, якая атрымала ад іх непасрэдна або ўскосна гэтую інфармацыю, пры якім звесткі аб сутнасці прамысловага ўзору сталі агульнадаступнымі, калі заяўка на прамысловы ўзор пададзена ў патэнтны орган не пазней за шэсць месяцаў з даты раскрыцця інфармацыі. Пры гэтым абавязак даказвання дадзенага факта ляжыць на заяўніку.

Прамысловы ўзор прызнаецца арыгінальным, калі асаблівасці знешняга выгляду вырабу абумоўлены творчай працай аўтара (сааўтараў) прамысловага ўзору.

Прававая ахова не даецца:

  • рашэнням, абумоўленым выключна тэхнічнай функцыяй вырабу;
  • рашэнням, якія супярэчаць грамадскім інтарэсам, прынцыпам гуманнасці і маралі;
  • аб’ектам архітэктуры (у тым ліку прамысловым, гідратэхнічным і іншым стацыянарным збудаванням), апрача малых архітэктурных формаў;
  • друкаванай прадукцыі як такой;
  • аб’ектам няўстойлівай формы з вадкіх, газападобных, сыпкіх і ім падобных рэчываў.

Аўтарам прамысловага ўзору прызнаецца фізічная асоба, творчай працай якой ён створаны. Калі прамысловы ўзор створаны сумеснай творчай працай дзвюх і больш фізічных асоб, яны прызнаюцца сааўтарамі. Парадак карыстання правамі, што належаць сааўтарам, вызначаецца пагадненнем паміж імі. Не прызнаюцца сааўтарамі фізічныя асобы, што не зрабілі асабістага творчага ўнёску ў стварэнне прамысловага ўзору, а аказалі аўтару (сааўтарам) толькі тэхнічную, арганізацыйную ці матэрыяльную дапамогу або толькі спрыялі афармленню правоў на прамысловы ўзор і яго выкарыстанню.

Правы аўтара. Аўтару прамысловага ўзору належаць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя правы. Права аўтарства (права прызнавацца аўтарам) з’яўляецца асабістым немаёмасным правам і ахоўваецца бестэрмінова. Права аўтарства з’яўляецца неадчужальным і неперадавальным.

Патэнтаўладальнік – асоба (асобы), якой (якім) выдадзены патэнт.

Права на атрыманне патэнта належыць:

  • аўтару (сааўтарам) прамысловага ўзору;
  • фізічнай ці юрыдычнай асобе, якая з’яўляецца наймальнікам аўтара прамысловага ўзору;
  • фізічнай і (або) юрыдычнай асобе ці некалькім фізічным і (або) юрыдычным асобам, якім да даты рэгістрацыі прамысловага ўзору перададзена права на атрыманне патэнта;
  • правапераемніку (правапераемнікам) вышэйзгаданых асоб.

Права на атрыманне патэнта на службовы прамысловы ўзор, створаны работнікам, належыць наймальніку, калі дагаворам паміж імі не прадугледжана іншае.

Правы і абавязкі патэнтаўладальніка. Патэнтаўладальніку належыць выключнае права на выкарыстанне запатэнтаванага прамысловага ўзору, якое ўключае права па сваім меркаванні выкарыстоўваць прамысловы ўзор, калі гэта не парушае правы іншых асоб, і права забараняць выкарыстанне прамысловага ўзору іншым асобам. Патэнтаўладальнік павінен карыстацца правамі, якія даюцца патэнтам, без нанясення шкоды правам іншых асоб, інтарэсам грамадства і дзяржавы.

Па патрабаванні патэнтаўладальніка парушэнне яго выключнага права павінна быць спынена, а асоба, вінаватая ў парушэнні, абавязаная пакрыць патэнтаўладальніку нанесеныя страты ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Суаднясенне права на прамысловы ўзор і права на таварны знак. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не могуць быць зарэгістраваныя ў якасці таварнага знака ў адносінах да аднародных тавараў абазначэнні, тоесныя і падобныя да ступені змяшэння з прамысловым узорам, права на які ў Рэспубліцы Беларусь належыць іншай асобе, калі гэты прамысловы ўзор валодае больш раннім прыярытэтам у параўнанні з заяўленым на рэгістрацыю таварным знакам.