Прамысловы ўзор Еўрапейскай Супольнасці (Community Design) дае яго ўладальніку адзіную прававую ахову на тэрыторыі ўсіх краін Еўрапейскага саюза.
Краіны-члены Еўрапейскага саюза: Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Іспанія, Ірландыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія.
Рэгістрацыя прамысловага ўзору Еўрапейскай Супольнасці ажыццяўляецца на падставе адной заяўкі, аформленай на адной мове і аплачанай адзінай пошлінай.
У якасці прамысловага ўзору можа быць зарэгістраваны знешні выгляд вырабу або яго часткі. Пры гэтым пад вырабам разумеецца прадмет прамысловай ці саматужнай вытворчасці, напрыклад, упакоўка, афармленне, графічныя сімвалы, тыпаграфскія шрыфты (апрача камп’ютарных праграм).
Прамысловы ўзор Еўрапейскай Супольнасці павінен быць новым і мець індывідуальны характар.
Заяўка на прамысловы ўзор Еўрапейскай Супольнасці падаецца ў Ведамства па інтэлектуальнай уласнасці Еўрапейскага саюза (раней – Ведамства па гарманізацыі на ўнутраным рынку), Алікантэ, Іспанія (далей – EUIPO), або ў патэнтнае ведамства краіны-ўдзельніка ці – для краін Бенілюкса – у Ведамства Бенілюкса па інтэлектуальнай уласнасці.
У адносінах да заяўкі праводзіцца фармальная экспертыза, у ходзе якой высвятляецца, ці датрыманыя фармальныя патрабаванні. Экспертыза па сутнасці зводзіцца да праверкі, ці адносіцца заяўленае рашэнне да прамысловых узораў, а таксама высвятляецца, ці не супярэчыць дадзены прамысловы ўзор публічнаму парадку і прынцыпам маралі. У выпадку, калі вынікі экспертызы станоўчыя, прамысловы ўзор рэгіструецца, а звесткі аб ім публікуюцца ў Афіцыйным бюлетэні EUIPO.
Рэгістрацыя прамысловага ўзору Еўрапейскай Супольнасці дзейнічае на працягу 5 гадоў з даты падачы заяўкі і ў далейшым можа быць прадоўжана чатыры разы, кожны раз на 5 гадоў. Такім чынам, агульны тэрмін дзеяння рэгістрацыі можа дасягнуць 25 гадоў.
Заканадаўства Еўрасаюза прадугледжвае пэўную ахову і для незарэгістраваных прамысловых узораў.
Больш падрабязная інфармацыя змешчана на сайце Ведамства па інтэлектуальнай уласнасці Еўрапейскага саюза.