Патэнт Рэспублікі Беларусь

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выключнае права на вынаходства ахоўваецца дзяржавай і сведчыцца патэнтам. Аб'ём прававой аховы, якая даецца патэнтам на вынаходства, вызначаецца формулай вынаходства.

Выключнае права на выкарыстанне вынаходства ўключае права выкарыстоўваць вынаходства па сваім меркаванні, калі гэта не парушае правоў іншых асоб, а таксама ўключае права забараняць выкарыстанне вынаходства іншым асобам.

Выключнае права на выкарыстанне запатэнтаванага вынаходства ажыццяўляецца патэнтаўладальнікам у перыяд дзеяння патэнта лічачы з даты публікацыі ў афіцыйным бюлетэні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці звестак аб выдачы гэтага патэнта.

Тэрмін дзеяння патэнта на вынаходства — 20 гадоў з даты падачы заяўкі (у некаторых выпадках тэрмін дзеяння патэнта можа быць прадоўжаны, але не больш як на 5 гадоў).

Заяўка на выдачу патэнта на вынаходства падаецца ў патэнтны орган Рэспублікі Беларусь − Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці,  які праводзіць экспертызу заяўкі і прымае рашэнне аб выдачы патэнта на вынаходства ці аб адмове ў выдачы патэнта.

Заяўка на выдачу патэнта на вынаходства павінна адносіцца да аднаго вынаходства або групы вынаходстваў, звязаных паміж сабой настолькі, што яны ўтвараюць адзіную вынаходніцкую задуму (патрабаванне адзінства вынаходства).

Экспертыза заяўкі на вынаходства ўключае папярэднюю і патэнтную экспертызу. Патэнтная экспертыза заяўкі на вынаходства праводзіцца пасля падачы адпаведнага хадайніцтва заяўнікам ці любой зацікаўленай асобай. Хадайніцтва аб правядзенні патэнтнай экспертызы павінна быць пададзена на працягу 3-х гадоў з даты падачы заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства.

Вынаходству можа быць дадзеная прававая ахова, калi яно:

  • належыць да прадукту або спосабу, у прыватнасці, прылады, спосабу, рэчыва, біятэхналагічнага прадукту, а таксама выкарыстання прылады, спосабу, рэчыва, біятэхналагічнага прадукту па вызначаным прызначэнні,
  • з‘яўляецца новым,
  • мае вынаходніцкі ўзровень,
  • прамыслова прымяняльнае.

Вынаходства прызнаецца новым, калі яно не з'яўляецца часткай узроўню тэхнікі. Пры гэтым ва ўзровень тэхнікі ўключаюцца любыя звесткі, якія сталі агульнадаступнымі* ў свеце да даты прыярытэту вынаходства, а таксама ўсе, якія маюць больш ранні прыярытэт, пададзеныя ў Рэспубліцы Беларусь іншымі асобамі неадкліканыя заяўкі на вынаходствы і карысныя мадэлі і запатэнтаваныя ў Рэспубліцы Беларусь вынаходствы і карысныя мадэлі.

* Не прызнаецца акалічнасцю, што перашкаджае адпаведнасці вынаходства крытэрыям патэнтаздольнасці, такое раскрыццё інфармацыі, датычнай заяўленага тэхнічнага рашэння, аўтарам, заяўнікам або любой асобай, якая атрымала ад іх непасрэдна ці ўскосна гэтую інфармацыю, пры якім звесткі аб сутнасці вынаходства сталі агульнадаступнымі, калі заяўка на вынаходства пададзена ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці не пазней за дванаццаць месяцаў з даты раскрыцця інфармацыі.

Вынаходства прызнаецца маючым вынаходніцкі ўзровень, калі яно для спецыяліста ў той галіне, да якой яно належыць, не вынікае яўным чынам з узроўню тэхнікі.

Вынаходства прызнаецца прамыслова прымяняльным, калі яно можа быць выкарыстана ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя і іншых сферах дзейнасці.

Не лічацца вынаходствамі:

  • адкрыцці, навуковыя тэорыі і матэматычныя метады;
  • рашэнні, датычныя толькі знешняга выгляду вырабу і накіраваныя на задавальненне эстэтычных патрэб;
  • планы, правілы і метады інтэлектуальнай дзейнасці, правядзення гульняў або ажыццяўлення дзелавой дзейнасці, а таксама алгарытмы і праграмы для электронна-вылічальных машын;
  • простая падача інфармацыі.

Прававая ахова ў якасці вынаходства не даецца:

  • сартам раслін і пародам жывёл;
  • тапалогіям інтэгральных мікрасхем.

Не прызнаюцца патэнтаздольнымі вынаходствы, якія пярэчаць грамадскім інтарэсам, прынцыпам гуманнасці і маралі.

Аўтарам вынаходства прызнаецца фізічная асоба, творчай працай якой яно створана. Калі вынаходства створана сумеснай творчай працай дзвюх і больш фізічных асоб, яны прызнаюцца сааўтарамі. Парадак карыстання правамі, якія належаць сааўтарам, вызначаецца пагадненнем паміж імі. Не прызнаюцца сааўтарамі фізічныя асобы, якія не зрабілі асабістага творчага ўнёску ў стварэнне вынаходства, а аказалі аўтару (сааўтарам) толькі тэхнічную, арганізацыйную ці матэрыяльную дапамогу або толькі спрыялі афармленню правоў на вынаходства і яго выкарыстанню.

Правы аўтара. Аўтару вынаходства належаць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя правы. Права аўтарства (права прызнавацца аўтарам) з'яўляецца асабістым немаёмасным правам і ахоўваецца бестэрмінова. Права аўтарства з’яўляеццца неадчужальным і неперадавальным.

Патэнтаўладальнік− асоба (ці некалькі асоб), якой (якім) выдадзены патэнт на вынаходства.

Права на атрыманне патэнта належыць:

  • аўтару (сааўтарам) вынаходства;
  • фiзiчнай ці юрыдычнай асобе, якая з'яўляецца наймальнікам аўтара вынаходства;
  • фізічнай і (або) юрыдычнай асобе ці некалькім фізічным і (або) юрыдычным асобам, якім да даты рэгістрацыі вынаходства перададзена права на атрыманне патэнта;
  • правапераемнiку (правапераемнiкам) вышэйзгаданых асоб.

Права на атрыманне патэнта на службовае вынаходства, створанае работнікам, належыць наймальніку, калі дагаворам паміж імі не прадугледжана іншае.

Правы і абавязкі патэнтаўладальніка. Патэнтаўладальніку належыць выключнае права на выкарыстанне запатэнтаванага вынаходства, якое ўключае права па сваім меркаванні выкарыстоўваць вынаходства, калі гэта не парушае правы іншых асоб, і права забараняць выкарыстанне вынаходства іншым асобам. Патэнтаўладальнік павінен выкарыстоўваць правы, якія даюцца патэнтам, без прычынення шкоды правам іншых асоб, інтарэсам грамадства і дзяржавы.

Па патрабаванні патэнтаўладальніка парушэнне яго выключнага права павінна быць спынена, а асоба, вінаватая ў парушэнні, абавязана пакрыць патэнтаўладальніку нанесеныя страты ў адпаведнасці з заканадаўствам.