Сарты раслін

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь сорт расліны – гэта група раслін у рамках найніжэйшага з вядомых батанічных таксонаў, якая можа быць вызначана ступенню праяўлення прыкмет, што з’яўляецца вынікам рэалізацыі дадзенага генатыпу або камбінацыі генатыпаў, можа быць адрознена ад любой іншай групы раслін ступенню выражанасці, прынамсі, адной з гэтых прыкмет і можа разглядацца як адзінае цэлае з пункта гледжання яе прыдатнасці для ўзнаўлення ў нязменным выглядзе цэлых раслін гэтай групы.

Права на сорт расліны ахоўваецца дзяржавай і сведчыцца патэнтам, выдадзеным патэнтным органам Рэспублікі Беларусь — Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці.

Заяўка на выдачу патэнта на сорт расліны падаецца ў патэнтны орган – Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, і павінна адносіцца да аднаго сорту расліны.

Экспертыза заяўкі ўключае папярэднюю і патэнтную экспертызы.

У ходзе папярэдняй экспертызы заяўкі правяраюцца наяўнасць дакументаў, змешчаных у заяўцы, і правільнасць іх афармлення, а таксама правяраецца адпаведнасць наймення сорту расліны патрабаванням заканадаўства.

У ходзе патэнтнай экспертызы заяўкі правяраецца навізна заяўленага сорту расліны, праводзіцца ацэнка сорту расліны на адпаведнасць умовам адрознасці, аднароднасці, стабільнасці, вызначаецца прыналежнасць сорту расліны да ўказанага заяўнікам у заяўцы батанічнага таксону. Ацэнка праводзіцца дзяржаўнай інспекцыяй па зацверджаных ёй методыках.

Сорту расліны даецца прававая ахова, калі ён з’яўляецца новым, адрозным, аднародным і стабільным. 

Сорт расліны з’яўляецца новым, калі на дату падачы заяўкі на выдачу патэнта на сорт расліны насенне раслін або раслінны матэрыял гэтага сорту расліны не прадаваліся або не перадаваліся іншым чынам аўтарам (сааўтарамі) сорту расліны, яго (іх) наймальнікам, правапераемнікам указаных асоб або з іх дазволу іншымі асобамі для выкарыстання:

  • на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – раней як за адзін год да даты падачы заяўкі;
  • на тэрыторыі любой іншай дзяржавы – раней як за чатыры гады да даты падачы заяўкі, а ў адносінах дрэўных раслін і вінаграду – раней як за шэсць гадоў да даты падачы заяўкі.

Сорт расліны лічыцца адрозным, калі ён адрозніваецца, прынамсі, адной з істотных прыкмет ад любога іншага сорту расліны, існаванне якога на момант падачы заяўкі з’яўляецца агульнавядомым.

Сорт расліны лічыцца аднародным, калі з улікам асаблівасцяў яго размнажэння расліны дадзенага сорту дастаткова аднародныя па сваіх істотных прыкметах.

Сорт расліны лічыцца стабільным, калі яго істотныя прыкметы застаюцца нязменнымі пасля неаднакратнага размнажэння або ў канцы кожнага цыкла размнажэння (у выпадку асобага цыкла размнажэння).

Аб’ём прававой аховы, якая даецца патэнтам, вызначаецца сукупнасцю істотных прыкмет сорту расліны, змешчаных у афіцыйным апісанні сорту расліны.

Патэнт дзейнічае на працягу 25 гадоў з даты рэгістрацыі сорту ў Дзяржаўным рэестры ахоўваемых сартоў раслін Рэспублікі Беларусь.

Патэнтаўладальніку належыць выключнае права на сорт расліны. Выключнае права на сорт расліны ўключае права выкарыстоўваць сорт расліны па сваім меркаванні, дазваляць і забараняць выкарыстанне сорту расліны іншым асобам.

Аўтару (сааўтарам) сорту расліны належаць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя правы.

Парушэннем выключнага права на сорт расліны прызнаецца выкарыстанне сорту расліны без згоды патэнтаўладальніка.

Не прызнаюцца парушэннем выключнага права на сорт расліны дзеянні, якія ажыццяўляюцца без згоды патэнтаўладальніка:

  • у асабістых мэтах;
  • у эксперыментальных мэтах;
  • у мэтах стварэння іншых сартоў раслін;
  • дзеянні ў адносінах створаных сартоў раслін (з выманнямі, прадугледжанымі заканадаўствам).

У выпадку парушэння выключнага права на сорт расліны патэнтаўладальнік мае права патрабаваць спынення парушэння, пакрыцця асобай, якая парушыла выключнае права на сорт расліны, шкоды, а таксама прымянення іншых спосабаў абароны ў адпаведнасці з заканадаўствам.