Тапалогіі інтэгральных мікрасхем

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь тапалогія інтэгральнай мікрасхемы – гэта зафіксаванае на матэрыяльным носьбіце прасторава-геаметрычнае размяшчэнне сукупнасці элементаў інтэгральнай мікрасхемы і сувязяў паміж імі.

Прававая ахова тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы даецца ў Рэспубліцы Беларусь на падставе яе рэгістрацыі ў патэнтным органе – Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. Права на тапалогію інтэгральнай мікрасхемы ахоўваецца дзяржавай і сведчыцца пасведчаннем.

Прававая ахова распаўсюджваецца толькі на арыгінальную тапалогію інтэгральнай мікрасхемы. Арыгінальнай прызнаецца тапалогія інтэгральнай мікрасхемы, створаная ў выніку творчай дзейнасці аўтара. Тапалогія прызнаецца арыгінальнай да тых часоў, пакуль не даказана адваротнае. Тапалогіі, сукупнасць элементаў якой агульнавядомая распрацоўшчыкам і вытворцам інтэгральнай мікрасхемы на дату яе стварэння, прававая ахова не даецца.

Прававая ахова не распаўсюджваецца на ідэі, спосабы, сістэмы, тэхналогію або любую закадзіраваную інфармацыю, якія могуць быць увасоблены ў тапалогіі.

Заяўка на рэгістрацыю тапалогіі падаецца ў патэнтны орган. Падача заяўкі можа ажыццяўляцца ў тэрмін, які не пераўзыходзіць двух гадоў з даты першага выкарыстання тапалогіі, калі яно мела месца. 

У ходзе правядзення экспертызы заяўкі правяраюцца наяўнасць неабходных дакументаў і датрымліванне асноўных патрабаванняў да іх.

Выключнае права дае аўтару тапалогіі або іншаму праваўладальніку магчымасць выкарыстоўваць гэтую тапалогію па сваім меркаванні, у прыватнасці, шляхам вырабу і распаўсюду інтэгральнай мікрасхемы з такой тапалогіяй. Выкарыстанне іншымі асобамі тапалогій, у адносінах да якіх іх аўтару ці іншаму праваўладальніку належыць выключнае права, дапускаецца толькі са згоды апошніх.

Аўтарам тапалогіі прызнаецца фізічная асоба, творчай працай якой яна створана. Права аўтарства на тапалогію з’яўляецца неадчужальным асабістым правам і ахоўваецца бестэрмінова.

Аб’ём прававой аховы, якая даецца тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы, вызначаецца сукупнасцю яе элементаў і сувязяў, прадстаўленых у дэпанаваных матэрыялах.

Выключнае права на выкарыстанне тапалогіі дзейнічае на працягу 10 гадоў.

Пачатак тэрміну дзеяння выключнага права на выкарыстанне тапалогіі вызначаецца па больш ранняй з наступных дат:

  • па даце першага выкарыстання тапалогіі;
  • па даце рэгістрацыі тапалогіі ў Рэестры тапалогій.

Папераджальная маркіроўка. Для апавяшчэння аб сваіх правах аўтар тапалогіі ці яго правапераемнік мае права ўказваць на падахоўнай тапалогіі, а таксама на вырабах, якія ўключаюць такую тапалогію, вялікую літару "Т", дату пачатку тэрміну дзеяння выключнага права на выкарыстанне тапалогіі і інфармацыю, якая дазваляе ідэнтыфікаваць праваўладальніка.

Парушэннем выключнага права на выкарыстанне тапалогіі прызнаецца ажыццяўленне наступных дзеянняў без дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка:

  • капіраванне тапалогіі ў цэлым або яе часткі шляхам уключэння тапалогіі ў інтэгральную мікрасхему ці іншым чынам, за выключэннем капіравання толькі той часткі, якая не з’яўляецца арыгінальнай;
  • прымяненне, увоз, прапанова аб продажы, продаж і іншае ўвядзенне ў грамадзянскі абарот тапалогіі або інтэгральнай мікрасхемы з гэтай тапалогіяй.

Асоба, якая незаконна выкарыстоўвае чужую тапалогію, па патрабаванні ўладальнікаў абавязана спыніць яе выкарыстанне і пакрыць нанесеную шкоду.