Пасведчанне Рэспублікі Беларусь аб рэгістрацыі таварнага знака

Таварным знакам і знакам абслугоўвання (далей – таварны знак) прызнаецца абазначэнне, якое спрыяе адрозненню тавараў, работ і (або) паслуг адной асобы ад аднародных тавараў і паслуг іншых асоб.

Выключнае права на таварны знак узнікае з даты рэгістрацыі таварнага знака ў дзяржаўным рэестры таварных знакаў. Дакументам, які сведчыць рэгістрацыю таварнага знака, з’яўляецца пасведчанне.

Уладальнік таварнага знака мае выключнае права выкарыстоўваць таварны знак, можа распараджацца гэтым выключным правам, а таксама мае права забараняць выкарыстанне таварнага знака іншым асобам. Ніхто не можа выкарыстоўваць падахоўны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь знак без дазволу яго ўладальніка.

Заяўка на рэгістрацыю таварнага знака падаецца ў патэнтны орган Рэспублікі Беларусь – Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, які праводзіць экспертызу заяўленага абазначэння і, калі яно адпавядае ўстаноўленым заканадаўствам патрабаванням аховаздольнасці, прымае рашэнне аб рэгістрацыі яго ў якасці таварнага знака, а калі не адпавядае, – аб адмове ў такой рэгістрацыі.

У Рэспубліцы Беларусь рэгістрацыя таварнага знака дзейнічае на працягу 10 гадоў з даты падачы заяўкі ў патэнтны орган. Тэрмін дзеяння рэгістрацыі таварнага знака можа быць прадоўжаны на чарговыя дзесяць гадоў неабмежаваную колькасць разоў. Дзеянне рэгістрацыі таварнага знака распаўсюджваецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у адносінах да тавараў, указаных у пасведчанні аб рэгістрацыі.

У Рэспубліцы Беларусь у якасці таварных знакаў могуць быць зарэгістраваныя слоўныя абазначэнні, уключаючы імёны ўласныя, спалучэнні колераў, літарныя, лічбавыя, выяўленчыя, аб’ёмныя абазначэнні, уключаючы форму тавару або яго ўпакоўку, а таксама камбінацыі такіх абазначэнняў. Пры гэтым таварны знак можа быць зарэгістраваны ў любым колеры або колеравым спалучэнні.

У шэрагу краін ахова можа быць дадзена таксама галаграмам, нюхальным, гукавым, смакавым і іншым нетрадыцыйным відам таварных знакаў.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не могуць быць зарэгістраваныя таварныя знакі:

  • якія не маюць прыкмет адрознення;
  • уваходзяць ва ўсеагульнае ўжыванне як абазначэнне тавараў пэўнага кшталту;
  • з’яўляюцца агульнапрынятымі сімваламі і тэрмінамі;
  • дамінантнае становішча ў якіх займаюць знакі і (або) указанні, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння выгляду, якасці, колькасці, уласцівасці, прызначэння, каштоўнасці тавараў, а таксама часу, месца і спосабу іх вырабу або збыту;
  • якія ўяўляюць сабой форму тавару ці яго ўпакоўку, што вызначаюцца выключна ці галоўным чынам сутнасцю або прыродай тавару, неабходнасцю дасягнення тэхнічнага выніку, істотнай вартасцю тавару.

Не дапускаецца рэгістрацыя ў якасці таварных знакаў абазначэнняў:

  • якія складаюцца з абазначэнняў, што ўяўляюць сабой дзяржаўныя гербы, сцягі і эмблемы, афіцыйцыя назвы дзяржаў, сцягі, эмблемы і скарочаныя або поўныя найменні міжнародных, міжурадавых арганізацый, афіцыйныя кантрольныя, гарантыйныя і прабірныя клеймы, узнагароды і іншыя знакі адрознення або падобныя да іх да ступені змяшэння – такія абазначэнні могуць быць уключаныя ў таварны знак як непадахоўныя элементы, калі на гэта маецца згода адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка;
  • якія з’яўляюцца хлуслівымі або здольнымі ўвесці спажыўца ў зман адносна тавару, месца яго паходжання або яго вытворцы;
  • якія ўяўляюць сабой ці змяшчаюць указанне на месца паходжання він ці моцных спіртных напояў, якія ахоўваюцца ў сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, для абазначэння він ці моцных спіртных напояў, якія не паходзяць з дадзенага месца.
  • што супярэчаць грамадскім інтарэсам, прынцыпам гуманнасці і маралі.

Таксама не могуць быць зарэгістраваныя ў якасці таварных знакаў абазначэнні:

  • тоесныя ці падобныя да іх змяшэння з зарэгістраванымі ці заяўленымі на рэгістрацыю ў Рэспубліцы Беларусь на імя іншай асобы, якія валодаюць больш раннім прыярытэтам, - у адносінах да аднародных тавараў;
  • тоесныя ці падобныя да іх змяшэння з таварнымі знакамі іншых асоб, якія ахоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь на падставе міжнародных дагавораў, у адносінах да аднародных тавараў;
  • тоесныя ці падобныя да іх змяшэння з таварнымі знакамі іншых асоб, прызнанымі агульнавядомымі ў Рэспубліцы Беларусь, – у адносінах да любых тавараў;
  • тоесныя ці падобныя да ступені змяшэння абазначэнні, з найменнем месца паходжання тавару, якое ахоўваецца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама з абазначэннем, якое заяўлена на рэгістрацыю ў якасці такога і мае больш ранні прыярытэт, за выключэннем выпадку, калі такое найменне ці падобнае да яго да ступені змяшэння абазначэнне ўключаны як непадахоўны элемент у таварны знак, які рэгіструецца на імя асобы, што мае выключнае права на такое найменне, калі рэгістрацыя таварнага знака ажыццяўляецца ў адносінах да тых тавараў, для індывідуалізацыі якіх зарэгістравана найменне месца паходжання тавару, – у адносінах да любых тавараў;
  • тоесныя і падобныя да ступені змяшэння з прамысловым узорам, права на які ў Рэспубліцы Беларусь належыць іншай асобе, калі гэты прамысловы ўзор валодае больш раннім прыярытэтам у параўнанні з заяўленым на рэгістрацыю таварным знакам;
  • тоесныя ці падобныя да ступені змяшэння з найменнем падахоўнага ў Рэспубліцы Беларусь селекцыйнага дасягнення, права на якое ў Рэспубліцы Беларусь узнікла ў іншай асобы раней за дату прыярытэту рэгіструемага таварнага знака;
  • тоесныя ці падобныя да ступені змяшэння з падахоўным у Рэспубліцы Беларусь фірменным найменнем (асобнымі элементамі гэтага наймення), права на якое ў Рэспубліцы Беларусь узнікла ў іншай асобы раней за дату прыярытэту рэгіструемага таварнага знака;
  • тоесныя назве вядомага ў Рэспубліцы Беларусь твора навукі, літаратуры ці мастацтва, персанажу або цытаце з такога твора, твору мастацтва ці яго фрагменту, без згоды праваўладальніка, калі права на адпаведны твор узнікла раней за дату прыярытэту рэгіструемага таварнага знака;
  • тоесныя назве зарэгістраванага ў Рэспубліцы Беларусь сродку масавай інфармацыі, без згоды яго заснавальніка (заснавальнікаў) у адносінах да аднародных тавараў;
  • тоесныя прозвішчу, уласнаму імені (імені па бацьку, калі такое маецца), псеўданіму ці вытворнаму ад іх абазначэнню, партрэту ці факсіміле вядомай у Рэспубліцы Беларусь асобы, без згоды гэтай асобы ці яе нашчадкаў.

Наступствы невыкарыстання таварнага знака. Дзеянне рэгістрацыі таварнага знака можа быць спынена датэрмінова ў адносінах да ўсіх ці часткі тавараў, указаных у рэгістрацыі, у сувязі з невыкарыстаннем таварнага знака без уважлівых прычын бесперапынна на працягу:

  • пяці гадоў з даты рэгістрацыі – для знакаў, зарэгістраваных да 25.01.2010;
  • трох гадоў з даты рэгістрацыі – для знакаў, зарэгістраваных пасля 25.10.2010 (уключна).

Заявы аб датэрміновым спыненні дзеяння рэгістрацыі таварнага знака разглядаюцца судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.