Міжнародная рэгістрацыя

Мадрыдская сістэма дае заяўнікам магчымасць атрымання аховы на таварныя знакі адразу ў некалькіх краінах-удзельніцах (пералік краін гл. тут) шляхам падачы адной заяўкі з выкарыстаннем адной мовы падачы (англ., франц., ісп.) і аплаты адзінай пошліны. Асноўнае патрабаванне для карыстальніка Мадрыдскай сістэмы – наяўнасць нацыянальнай заяўкі (базавая заяўка) ці рэгістрацыі (базавая рэгістрацыя) у адносінах да таварнага знака, які заяўляецца ў адпаведнасці з працэдурай міжнароднай рэгістрацыі.

Рэгістрацыю міжнароднага таварнага знака ажыццяўляе Міжнароднае бюро САІУ, аднак сама заяўка падаецца ў нацыянальнае патэнтнае ведамства, якое ажыццяўляе яе праверку на адпаведнасць фармальным патрабаванням і перасылае заяўку ў САІУ.

Міжнароднае бюро САІУ праводзіць фармальную экспертызу заяўкі і, калі яна адпавядае фармальным патрабаванням, якія да яе прад’яўляюцца, рэгіструе таварны знак і накіроўвае ўладальніку рэгістрацыі пасведчанне, якое ўтрымлівае звесткі, унесеныя ў Міжнародны рэестр. Адначасова Міжнароднае бюро САІУ апавяшчае пра міжнародную рэгістрацыю знака патэнтныя ведамствы краін, указаных у гэтай рэгістрацыі.

На працягу 12 месяцаў (для Мадрыдскага пагаднення) або 18 месяцаў (для Пратакола да Мадрыдскага пагаднення) з даты апавяшчэння нацыянальныя патэнтныя ведамствы праводзяць экспертызу таварнага знака, па выніках якой выносіцца рашэнне аб даванні аховы ці аб адмове ў даванні аховы. Рашэнне аб адмове, апрача падстаў для адмовы, утрымлівае тэрмін, на працягу якога заяўнік можа паспрабаваць аспрэчыць дадзеную адмову.

Мадрыдская сістэма прадугледжвае магчымасць дапаўнення пераліку краін у існай міжнароднай рэгістрацыі (тэрытарыяльнае пашырэнне).

Ахова міжнароднай рэгістрацыі даецца на 10 гадоў лічачы з даты міжнароднай рэгістрацыі, тэрмін дзеяння рэгістрацыі ў далейшым можа быць прадоўжаны на чарговыя 10 гадоў неабмежаваную колькасць разоў.

Прынцып “цэнтральнай атакі”. На працягу 5 гадоў з даты міжнароднай рэгістрацыі атрыманая ахова застаецца залежнай ад знака, які быў зарэгістраваны (базавая рэгістрацыя) ці заяўлены на рэгістрацыю (базавая заяўка) у нацыянальным патэнтным ведамстве. У выпадку, калі базавая заяўка ці рэгістрацыя былі ануляваныя, адкліканыя, прызнаныя несапраўднымі ці спынілі сваё дзеянне, часткова або поўнасцю, ахова, атрыманая на падставе міжнароднай рэгістрацыі, таксама спыняецца, часткова або поўнасцю.