Lexpatent_logo

Заяўка РСТ

Дагавор аб патэнтнай кааперацыі (Patent Cooperation Treaty), або Дагавор РСТ, быў заключаны ў 1970 годзе з мэтай зніжэння выдаткаў на замежнае патэнтаванне і спрашчэння працэдуры атрымання патэнтнай аховы ў розных краінах. Адміністратыўную функцыю ў адносінах да Дагавора РСТ выконвае Міжнароднае бюро Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), Жэнева, Швейцарыя.

Дагавор РСТ забяспечвае магчымасць атрымання патэнтаў у краінах-удзельніцах Дагавора (пералік краін гл. тут) праз падачу адной «міжнароднай» заяўкі (заяўкі РСТ). Дагавор РСТ рэгулюе фармальныя патрабаванні, якім павінна адпавядаць любая міжнародная заяўка. Пры гэтым Дагавор РСТ не прадугледжвае выдачы «міжнароднага патэнта».

Наступствы падачы міжнароднай заяўкі ў кожнай краіне-ўдзельніцы Дагавора РСТ аднолькавыя і раўназначныя наступствам падачы нацыянальнай патэнтнай заяўкі ў нацыянальнае патэнтнае ведамства адпаведнай дзяржавы.

У адпаведнасці з Дагаворам РСТ працэдура патэнтавання ўключае міжнародную і нацыянальную стадыі.

Міжнародная стадыя для заяўнікаў Рэспублікі Беларусь пачынаецца з падачы міжнароднай заяўкі ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Пасля правядзення фармальнай экспертызы заяўка накіроўваецца ў Міжнароднае бюро Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. Абраны заяўнікам Міжнародны пошукавы орган (для заяўнікаў Рэспублікі Беларусь гэта Федэральны інстытут прамысловай уласнасці (Расійская Федэрацыя) або Еўрапейскае патэнтнае ведамства) праводзіць міжнародны патэнтны пошук. Справаздача аб міжнародным пошуку і пісьмовае заключэнне аб аховаздольнасці заяўленага тэхнічнага рашэння накіроўваюцца заяўніку, які пасля азнаямлення з іх зместам можа прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці далейшага справаводства па заяўцы.

Міжнародная заяўка публікуецца не пазней за 18 месяцаў ад даты яе падачы. Па хадайніцтве заяўніка па міжнароднай заяўцы можа быць праведзена міжнародная папярэдняя экспертыза.

Да заканчэння 30 або 31 месяца з даты прыярытэту міжнароднай заяўкі (тэрмін вызначаецца нацыянальным заканадаўствам) заяўнік, які вырашыў атрымаць нацыянальныя (або рэгіянальныя) патэнты ў цікавых яму краінах, пераводзіць міжнародную заяўку на нацыянальную стадыю. Такім чынам, заяўнік мае дастаткова шмат часу, каб зрабіць канчатковыя высновы аб мэтазгоднасці і магчымасці патэнтавання ў тых ці іншых краінах свету.

Перавод на нацыянальную стадыю ў абранай дзяржаве ўключае падачу (пры неабходнасці) перакладу заяўкі на афіцыйную мову адпаведнай дзяржавы, выплату ўстаноўленых пошлін і прызначэнне мясцовага патэнтнага паверанага.