Lexpatent_logo

Нашумелы патэнт Microsoft − разбіраемся, што да чаго

Пакуль у свеце лютуе пандэмія каранавіруса, у сетцы Інтэрнэт набіраюць папулярнасць розныя тэорыі змовы, што спрабуюць растлумачыць, якім чынам узнік вірус і хто адказны за яго распаўсюджанне. Так, асаблівую цікавасць уяўляе меркаванне пра датычнасць да гэтага працэсу Біла Гейтса, заснавальніка і былога кіраўніка карпарацыі «Microsoft». Пандэмія нібыта з'яўляецца выдатнай падставай для таго, каб пачаць масава чыпаваць людзей і атрымаць магчымасць кантраляваць іх паводзіны. Падставай для ўзнікнення дадзенай тэорыі сталі звесткі пра вынаходства, на якое адна з кампаній, падкантрольных карпарацыі «Microsoft», спрабуе атрымаць патэнт. Ніжэй разбіраемся, ці ёсць насамрэч нагоды для хвалявання.

26 сакавіка 2020 года Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці апублікавала міжнародную заяўку PCT/US2019/038084 на вынаходства «Крыптавалютная сістэма, якая выкарыстоўвае дадзеныя аб актыўнасці арганізма» (публікацыя № WO/2020/060606). Заяўка пададзена кампаніяй MICROSOFT TECHNOLOGY LICENSING, LLC. Згодна з інфармацыяй на сайце https://www.microsoft.com/ дадзеная кампанія валодае большасцю патэнтаў, якія раней належалі карпарацыі «Microsoft», і адказвае за выдачу ліцэнзій на выкарыстанне вынаходстваў, якія ахоўваюцца дадзенымі патэнтамі.

У чым жа сутнасць заяўленага вынаходства?

У апісанні найперш раскрываецца паняцце крыптавалюты і сцісла тлумачыцца прынцып тэхналогіі блакчэйн, якая выкарыстоўваецца ў папулярных крыптавалютах (напрыклад, Bitcoin). Асаблівы акцэнт робіцца на тым, што так званы «майнінг» − серыя вылічальных аперацый для рашэння матэматычнай задачы, за паспяховае выкананне якіх прадугледжана ўзнагарода, − можа патрабаваць значных вылічальных магутнасцяў і спадарожных ім выдаткаў энергіі. Далей згадваецца адзін з ключавых элементаў «майнінгу» − Proof-of-work (скар. PoW) − разнавіднасць алгарытму абароны блакчэйну. Сэнс дадзенага алгарытму заключаецца ў тым, што правільнасць выніку, атрыманага ў працэсе энергазатратных вылічальных аперацый, затым правяраецца, але ўжо з выкарыстаннем значна меншых магутнасцяў. Такая праверка ажыццяўляецца вылічальнымі прыладамі і не патрабуе непасрэднага ўдзелу чалавека. У разгляданым намі вынаходстве гаворка ідзе пра альтэрнатыву такому спосабу майнінгу і праверкі.

Заяўнік сцвярджае, што «дзейнасць чалавечага цела, звязаная з выкананнем пастаўленай задачы, можа быць выкарыстана для майнінгу крыптавалюты». Пры гэтым можа кантралявацца не толькі фізічная, рухальная актыўнасць чалавека, але і дзейнасць яго галаўнога мозгу, крывацёк, сэрцабіццё, выдзяляемае целам цяпло і любыя іншыя выпраменьванні цела чалавека, якія можна вымераць у вядомых на сённяшні дзень велічынях.

Заяўленая сістэма ўключае ў сябе 1) датчыкі, якія збіраюць інфармацыю пра апісаныя вышэй віды актыўнасці чалавечага арганізма, 2) прыладу карыстальніка і 3) серверы для апрацоўкі. Датчыкі могуць быць убудаваны ў прыладу карыстальніка або камунікатыўна звязаны з ім. У якасці прыкладаў прыведзены датчыкі магнітна-рэзананснай тамаграфіі, пульсометр, фітнэс-бранзалеты і да т.п. Пра ўжыўленне чыпаў унутр чалавечага цела гаворка пакуль не ідзе.

Інфармацыя, сабраная датчыкамі ў працэсе выканання задання, атрыманага карыстальнікам з аднаго з сервераў (напрыклад, прагляд рэкламы, відэа, пошук інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт і інш.), акумулюецца на прыладзе карыстальніка (напрыклад, на тэлефоне, камп’ютары), адкуль перадаецца на сервер, які ажыццяўляе майнінг крыптавалюты.

На серверы ацэньваецца, наколькі перададзеныя дадзеныя адпавядаюць усталяваным крыптавалютнай сістэмай умовам, і, калі адпаведнасць пацвярджаецца, сістэма ўзнагароджвае карыстальніка крыптавалютай. Відавочна, гаворка ідзе пра тое, што, усталёўваючы тыя ці іншыя ўмовы, крыптавалютная сістэма будзе матэрыяльна зацікаўліваць карыстальнікаў у канкрэтных спажывецкіх практыках, ва ўчыненні тых ці іншых дзеянняў або ўстрыманні ад іх.

Наколькі паспяхова будзе рэалізавана дадзеная сістэма і якія будуць межы выкарыстання фіксаваных дадзеных карыстальнікаў, пакажа час. Мы толькі адзначым, што міжнародная заяўка PCT/US2019/038084 пададзена з указаннем больш як 150 краін, якія ўдзельнічаюць у Дагаворы аб патэнтнай кааперацыі, уключаючы Рэспубліку Беларусь. У кожнай з іх можа быць атрыманы (аднак пакуль яшчэ не атрыманы) нацыянальны патэнт, зразумела, толькі ў тым выпадку, калі будзе ажыццёўлены своечасовы перавод заяўкі на нацыянальную фазу і калі вынаходніцтва будзе прызнана патэнтаздольным у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Па стане на 26 сакавіка 2020 г. разам з заяўкай апублікавана пісьмовае паведамленне Міжнароднага пошукавага органа, у якасці якога выступіла Еўрапейскае патэнтнае ведамства і на думку якога ніводзін з 15 пунктаў формулы заяўленага вынаходства не валодае навізной і вынаходніцкім узроўнем.