Lexpatent_logo

Хутчэй, прасцей і танней: новыя магчымасці для аспрэчвання таварных знакаў у Германіі

1 мая 2020 г. у Германіі ўступіла ў сілу другая частка Закона аб удасканаленні заканадаўства аб таварных знаках. Гэты прававы акт надзяліў нямецкае Ведамства па патэнтах і таварных знаках (DPMA) правам разглядаць справы аб прызнанні рэгістрацыі таварнага знака несапраўднай і аб датэрміновым спыненні прававой аховы таварнага знака, якія раней разглядаліся выключна судамі агульнай юрысдыкцыі. Як заявіла прэзідэнт DPMA Карнэлія Рудлоф-Шэфер, новае заканадаўства зробіць дадзеныя працэдуры больш эфектыўнымі, аператыўнымі і таннымі, што ўмацуе правы ўласнікаў таварных знакаў і падвысіць прававую пэўнасць.

Гаворка ідзе пра працэдуру аспрэчвання рэгістрацыя таварнага знака, які, на думку заяўніка, парушае прыналежныя яму больш раннія правы (права на таварны знак, на імя, на асабісты вобраз, на твор, падахоўны аўтарскаму праву, на геаграфічнае ўказанне, на найменне сорту расліны і на іншыя аб'екты права прамысловай уласнасці), у тым ліку некалькі правоў адначасова. Змены таксама датычацца працэдуры датэрміновага спынення прававой аховы таварнага знака, які не выкарыстоўваецца яго ўласнікам на працягу 5 гадоў або ператварыўся ў абазначэнне, што ўводзіць спажыўцоў у зман. Для датэрміновага спынення прававой аховы калектыўнага або сертыфікацыйнага знака ёсць дадатковыя падставы.

Калі на працягу 2 месяцаў пасля падачы заявы аб аспрэчванні або аб датэрміновым спыненні прававой аховы таварнага знака яго ўладальнік не прадаставіць у DPMA свае пярэчанні, рэгістрацыя будзе прызнаная несапраўднай або датэрмінова спыненая. Паўнавартаснае разбіральніцтва праводзіцца толькі пры наяўнасці пярэчанняў уласніка аспрэчанага знака.

Заяву аб аспрэчванні або аб датэрміновым спыненні прававой аховы таварнага знака па жаданні заяўніка па-ранейшаму можна падаць і ў суд агульнай юрысдыкцыі. Аднак суд адмовіць у яе прыняцці, калі аналагічная справа знаходзіцца на разглядзе DPMA. Гэтаксама DPMA не зможа разглядаць справу, калі аналагічная заява пададзена ў суд.

Згаджаючыся з прэзідэнтам DPMA, мы станоўча ацэньваем апісаныя змены нямецкага працэсуальнага заканадаўства і лічым, што ануляванне неправамерных рэгістрацый і рэгістрацый, якія не выкарыстоўваюцца, не павінна ствараць празмернай нагрузкі для зацікаўленых праваўладальнікаў і судовай сістэмы дзяржавы.