Сёння першая пятніца кастрычніка, а значыць, сёння Сусветны дзень усмешкі!
Упершыню свята адзначалася ў 1999 годзе, а ініцыятыва яго правядзення належыць мастаку Харві Болу.
Аднойчы (гэта было ў 1963 годзе) да гэтага тады мала каму вядомага амерыканскага мастака звярнуліся прадстаўнікі страхавой кампаніі State Mutual Life Assurance Company of America. Яны папрасілі Харві прыдумаць якое-небудзь яркае і запамінальнае абазначэнне, якое падахвочвала б супрацоўнікаў усміхацца кліентам і стала б візітнай карткай кампаніі.
У выніку 10-хвілінных намаганняў з’явіўся жоўты тварык з усмешкай ад вуха да вуха, а дакладней – ад брыва да брыва. Той самы смайлік! Харві атрымаў за працу 45 долараў, а заказчык вырабіў фірмовыя значкі са смайлікам і раздаў служачым і кліентам кампаніі.
Нечаканы поспех такой фішкі перасягнуў усе чаканні: усяго праз некалькі месяцаў лік значкоў са смайлікамі ішоў на дзясяткі тысяч! А неўзабаве жоўтая тварыкі з’явілася на вопратцы, паштоўках і нават паштовых марках.
«Ніколі яшчэ ў гісторыі чалавецтва і мастацтва не было ніводнага твора, які, распаўсюдзіўшыся гэтак шырока, п прыносіў бы столькі шчасця, радасці і задавальнення. Не было нічога, што было б зроблена так проста, але ж стала зразумелым усім», – сказаў «бацька» смайліка ў адным са сваіх шматлікіх інтэрв’ю.
Сам Бол лічыў, што гэты дзень павінен быць прысвечаны добраму настрою, таму дэвізам свята ўсмешкі з’яўляюцца словы «Зрабі добрую справу. Дапамажы з’явіцца хаця б адной усмешцы».
Харві Бол не зарэгістраваў свой смайлік ні як аб’ект аўтарскага права, ні як таварны знак. У 1971 годзе французскі прадпрымальнік Франклін Лаўфрані на тэрыторыі каля 80 краін (ЗША ў спіс не ўваходзяць) зарэгістраваў смайлік ў якасці таварнага знака, сцвярджаючы, што гэта ён прыдумаў яго ў 1968 годзе. За некалькі гадоў на продажах ліцэнзій на выкарыстанне таварнага знака карпарацыя Лаўфрані скалаціла някепскія грошы.
Бол не спрачаўся, ды і Лаўфрані быў не адзіны, хто прэтэндаваў на лаўры творцы смайліка. У рэшце рэшт Харві зарэгістраваў некалькі таварных знакаў, на якіх яго версія ўсмешкі суправаджалася яго імем.
У 2001 годзе ў гонар і ў памяць аб Харві Боле быў заснаваны Сусветны фонд усмешкі. Прыбытак фонду ідзе на дабрачынную дзейнасць, а на яго сайце можна прачытаць: «Харві Бол верыў, што ў кожнага з нас ёсць магчымасць змяніць гэты свет да лепшага, і жыў у адпаведнасці з гэтым перакананнем. Ён ведаў, што любыя намаганні па паляпшэнні свету, нават самыя нязначныя, вартыя таго. І ён разумеў сілу ўсмешкі і добрага ўчынку».