Hello Kitty прызначана паслом па сувязях з грамадскасцю па аўтарскіх правах.
Як паведамляе Агенцтва па справах культуры Японіі, нядаўна ў краіне быў прызначаны «пасол па сувязях з грамадскасцю па аўтарскіх правах». Ім стаў сусветна вядомы мультыплікацыйны персанаж кацяня Hello Kitty.
Такое прызначэнне, здзейсненае Каіці Хагіуда, міністрам адукацыі, культуры, спорту, навукі і тэхналогій, звязанае з уступленнем у сілу зменаў у заканадаўства Японіі аб аўтарскіх правах. Новыя змены прадугледжваюць узмацненне мер барацьбы з пірацтвам, а таксама павышэнне ўзроўню адукацыі і дасведчанасці грамадзян у сферы аўтарскіх правоў. Менавіта да падобнай асветніцкай працы і плануецца прыцягваць новага «пасла».
Агенцтва па справах культуры плануе ствараць рэкламныя відэа і адукацыйныя матэрыялы з удзелам Hello Kittyі, распаўсюджваючы іх праз YouTube-канал, тым самым заахвочваць людзей устрымлівацца ад выкарыстання пірацкіх сайтаў і пірацкага кантэнту.
Варта адзначыць, што Hello Kitty атрымлівае прызнанне на такім высокім узроўні не ўпершыню. Персанаж быў прыдуманы ў 1974 годзе і хутка заваяваў папулярнасць ва ўсім свеце. Упершыню афіцыйнае прызнанне ён атрымаў у 2003 годзе, калі стаў афіцыйным «тварам» ўрада Японіі ў межах кампаніі па прыцягненні турыстаў. Затым у 2008 годзе папулярны мультыплікацыйны герой быў афіцыйна прызначаны «турыстычным паслом добрай волі».
Дарэчы, аўтарскія правы на персанажа Hello Kitty належаць кампаніі Sanrio і іх дзеянне распаўсюджваецца і на Рэспубліку Беларусь! Выкарыстанне гэтага аб'екта без згоды ўладальніка цягне прадугледжаную заканадаўствам адказнасць.