Кампанія Facebook Technologies LLC звярнулася ў Суд па інтэлектуальных правах з іскавай заявай да ТАА «ЭКА» аб датэрміновым спыненні прававой аховы зарэгістраванага ў Расійскай Федэрацыі таварнага знака Oculus / Окулюс у дачыненні да шэрага паслуг 41 класа ў сувязі з яго невыкарыстаннем на працягу больш як трох гадоў, што папярэднічалі ініцыяванню працэсу.
У якасці абгрунтавання сваёй зацікаўленасці ў выніку справы істец прадставіў, у прыватнасці, доказы таго, што пасля набыцця ім кампаніі Oculus VR, LLC (распрацоўка і вытворчасць гульняў і абсталявання віртуальнай рэальнасці) пад брэндам OCULUS у розных краінах свету ён аказвае паслугі, аднародныя тым, у адносiнах да якiх зарэгiстраваны спрэчны таварны знак (арганізацыя вольнага часу, забаў, дзейнасць у галіне адукацыі, спорту, правядзення культурных мерапрыемстваў і іншыя паслугі 41 класа МКТП). Кампанія Facebook мае намер развіваць гэты напрамак у тым ліку ў Расіі, аднак для гэтага патрабуецца спыненне прававой аховы названага таварнага знака. Звароту ў СІП папярэднічала накіраванне істцом на адрас ТАА «ЭКА» прапановы аб адмове ад права на таварны знак або заключэнні дагавора аб адчужэнні выключнага права на яго.
ТАА «ЭКА» валодае сеткай ветэрынарных клінік у Санкт-Пецярбургу, і яму належыць зарэгістраваны ў 2016 годзе таварны знак Oculus /Окулюс, тэрмін дзеяння якога мінае ў 2025 годзе. Нягледзячы на спробу адстаяць свой знак, даказаць суду фактычнае выкарыстанне таварнага знака Oculus /Окулюс кампаніі не атрымалася.
Суд часткова задаволіў патрабаванні кампанii Facebook і пастанавіў датэрмінова спыніць ахову таварнага знака ў дачыненні да шэрага паслуг 41 класа (такіх як адукацыя, забавы, арганізацыя спартыўных і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў). Пры гэтым за ТАА «ЭКА» захавалася права выкарыстоўваць таварны знак Oculus / Окулюс па аказанню паслуг па дрэсіроўцы жывёл, стварэнню агенцтваў па прадастаўленні мадэляў для мастакоў, выданню кніг, мантажы відэазапісаў, вытворчасці фільмаў і інш.
Каментар патэнтнага паверанага Святланы Каралёвай:
“У Рэспубліцы Беларусь справы аб датэрміновым спыненні прававой аховы таварнага знака ў сувязі з невыкарыстаннем адносяцца да катэгорыі спраў іскавай вытворчасці і разглядаюцца судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Ісцец павінен даказаць наяўнасць у яго зацікаўленасці ў выніку справы (найчасцей факт вытворчасці ім адпаведных тавараў). Апрача таго, ісцец павінен прадаставіць доказы невыкарыстання аспрэчваемага знака ў акрэслены перыяд. Адказчык, у сваю чаргу, стараецца даказаць факт рэальнага выкарыстання ім таварнага знака. Суд задаволіць пададзеную іскавую заяву толькі ў дачыненні да тых тавараў, для якіх мела месца невыкарыстанне таварнага знака і ісцец даказаў сваю зацікаўленасць”.