Lexpatent_logo

Стартапу да ўвагі: чаму не варта ігнараваць інтэлектуальную ўласнасць

Кампаніі (часцей − стартапы) на этапе запуску бізнесу могуць засяроджвацца на прыцягненні кліентаў, ігнаруючы інтэлектуальную ўласнасць. Праца з інтэлектуальнай уласнасцю патрабуе ўкладання часу і грошай, а гэтыя рэсурсы абмежаваныя. Часам такая праца плануецца ў будучыні, а часам здаецца, што ў ёй зусiм няма неабходнасці, паколькі можна непрацяглы час папрацаваць з адным прадуктам, а потым пераключыцца на іншы.

Ці так бяскрыўдна не звяртаць увагі на інтэлектуальную ўласнасць?

СIТУАЦЫЯ ПЕРШАЯ

Кампанія можа памыляцца, што на рынку даўно існуе нейкая вядомая тэхналогія, а значыць, яе можна выкарыстоўваць паўсюдна. Але, калі тэхналогія абаронена патэнтам, яго ўладальнік мае права падаць іск аб парушэнні выключнага права і спагнаць значныя сумы страт або кампенсацыі. Ці гатовы ваш бізнес да фінансавых і рэпутацыйных страт? Наўрад ці.

Рэкамендуем: на этапе прыняцця рашэння пра выкарыстанне гатовага прадукту (тэхналогіі, прылады, упакоўкі, абазначэння і г.д.) праверыць, ці не з’яўляецца ён аб’ектам выключнага права. Дарэчы, нават калі ён такім з’яўляецца, вы можаце абмеркаваць з праваўладальнікам варыянты яго выкарыстання. Магчыма, праваўладальнік будзе гатовы саступіць вам выключнае права ці прапанаваць ліцэнзію на выкарыстанне ахоўнага аб’екта. І тады вы ўжо будзеце мець гатовую базу для вядзення бізнесу.

СIТУАЦЫЯ ДРУГАЯ

Калі ваш прадукт карыстаецца попытам, але не абаронены, канкурэнты могуць лёгка запазычыць яго ў вас, крыху яго дапрацаваўшы. Меншая непрыемнасць -  з'яўленне на рынку прадукту, які канкуруе з вашым і выцясняе яго. Значна больш непрыемная сiтуацыя - калi канкурэнт не толькі запусціць, але і абароніць удасканалены прадукт, а пасля прад’явіць вам іск аб парушэнні правоў. Магчыма, у падобнай сітуацыі вашы інтарэсы можна будзе адстаяць. Але на гэта пойдзе нашмат больш сіл і часу, чым сышло б на своечасовую абарону інтэлектуальных правоў. І, верагодна, забараніць канкурэнту выкарыстанне “яго” прадукту вы ўжо не зможаце.

Рэкамендуем: абараняць свае прадукты ў якасці аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. 

Гэта дасць магчымасць:

- бесперашкодна выкарыстоўваць прадукт,
- распараджацца атрыманымi правамi паводле свайго меркавання (напрыклад, прадастаўляючы ліцэнзію на іх выкарыстанне),
- забараняць іншым асобам выкарыстоўваць аналагічны прадукт.

Усе тры правамоцтвы дазваляюць атрымліваць прыбытак: пры выпуску прадукту, пры продажы ліцэнзіі, пры забароне канкурэнтам выпускаць нешта падобнае. Але галоўная перавага своечасовай працы з аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці – ажыццявіўшы яе, вы зможаце напоўніцу засяродзіцца на прасоўванні вашага прадукту на рынку, не баючыся быць уцягнутымі ў судовыя цяжбы.

Хутка мы раскажам вам, што пра гэта думае адзін вядомы і любімы, асабліва дзецьмі, амерыканскі пісьменнік.