Lexpatent_logo

Чэк-ліст для прадпрымальнікаў: пралічвайце рызыкі і аптымізуйце працэс пры пастаўках тавараў чужых брэндаў

Уладальнікі таварных знакаў прымаюць актыўныя меры па абароне сваёй інтэлектуальнай уласнасці, паколькі значнасць брэндаў расце у ўмовах развіцця эканомікі. Абарона інтэлектуальнай уласнасці – гэта і работа з рэпутацыйнымі рызыкамі, і прадухіленне матэрыяльнай шкоды ад продажу кантрафактных ці «шэрых» тавараў. 

Мы падрыхтавалі чэк-ліст для прадпрымальнікаў, які дапаможа пралічыць магчымыя рызыкі і аптымізаваць працэс сваёй дзейнасці ў дачыненні да паставак тавараў чужых брэндаў.

1. На першым этапе, яшчэ да ажыццяўлення пастаўкі тавараў, рэкамендуем спраўдзіць, ці ўнесены таварныя знакі, нанесеныя на тавары, якія вы ўвозіце, у мытны рэестр аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці (МРАІУ). Дадзены рэестр даступны тут. Ён змяшчае пералік таварных знакаў, у дачыненні да якіх мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца адмысловы механізм абароны правоў праваўладальнікаў у выглядзе прыпынення тэрміну выпуску тавараў на 10 працоўных дзён. Звярніце увагу: мытныя органы толькі арыентуюцца на інфармацыю, змешчаную ў МРАІУ, але ніяк ёю не абмежаваныя. Тэрмін выпуску тавараў можа быць прыпынены, нават калі таварны знак, нанесены на тавар, не ўнесены ў МРАІУ, але ў той жа час у мытных органаў, да прыкладу, узніклі сумненні ў законнасці пастаўкі тавараў.

Таму пры планаванні пастаўкі варта закладваць у тэрмін пастаўкі 10-дзённы тэрмін магчымага прыпынення тэрміну выпуску тавараў.

2. Калі вы выявілі, што цікавы вам таварны знак унесены ў МРАІУ, рэкамендуем звязацца з прадстаўнікамі праваўладальніка дадзенага таварнага знака і ўдакладніць, ці магчыма папярэдне ўзгадніць пастаўку тавараў яго брэнда. Кантактныя дадзеныя прадстаўнікоў праваўладальніка таксама пазначаны ў МРАІУ. Калі праваўладальнік будзе гатовы папярэдне ўзгадніць пастаўку, то хутчэй за ўсё для ўзгаднення ў вас будзе запытаны пакет дакументаў. Звычайна ён уключае камерцыйныя дакументы па пастаўцы (CMR, інвойс, спецыфікацыя), фатаграфіі ўвезеных тавараў (не выявы з каталога). Дакладны пералік дакументаў неабходна ўдакладняць у кожным канкрэтным выпадку.

Калі праваўладальнік адмовіцца папярэдне ўзгадняць пастаўку, згаданы вышэй пакет дакументаў усё роўна трэба будзе накіраваць прадстаўнікам праваўладальніка, але ўжо пасля змяшчэння тавараў пад мытную працэдуру і па факце прыпынення тэрміну выпуску тавараў.

3. У дзень падачы дэкларацыі можна паўторна звязацца з прадстаўнікамі праваўладальніка і паведаміць, што дэкларацыя па пастаўцы была пададзена, а таксама ўдакладніць, ці варта накіраваць на адрас прадстаўнікоў праваўладальніка пакет дакументаў па пастаўцы. Гэта дазволіць зэканоміць час, бо на момант атрымання апавяшчэння ад мытні пра прыпыненне тэрміну выпуску тавараў у прадстаўнікоў праваўладальніка ўжо будзе неабходны пакет дакументаў, які яны змогуць неадкладна накіраваць праваўладальніку на ўзгадненне.

4. Далей неабходна дачакацца рашэння праваўладальніка. Як зацікаўленая асоба, вы можаце звязвацца з прадстаўнікамі праваўладальніка для ўдакладнення інфармацыі па пастаўцы на працягу тэрміну прыпынення, аднак у кожным канкрэтным выпадку праваўладальніку можа спатрэбіцца розная колькасць часу для прыняцця рашэння. Пры гэтым прадстаўнікі праваўладальніка ніяк не могуць паўплываць на ход прыняцця рашэння або паскорыць яго. Разумна будзе пакінуць свае кантактныя дадзеныя для сувязі І папрасіць прадстаўнікоў праваўладальніка паведаміць вам пра прынятае рашэнне, як толькі яно будзе атрымана. 

Выкарыстоўвайце дадзеныя рэкамендацыі і пралічвайце прадпрымальніцкую рызыку пры ажыццяўленні паставак тавараў чужых брэндаў.