Першыя кансервавыя бляшанкі выглядалі як металічныя скрыначкі, важылі каля 500 грамаў і адкрываліся з дапамогай долата і малатка. Але нават нягледзячы на такія складанасці, стварэнне кансервавай бляшанкі было сапраўдным прарывам для чалавецтва!
А пачалася гісторыя кансервавай бляшанкі крыху раней — са спосабу гатавання кансерваў (conservo - з лат. “захоўваю”). Напалеон Банапарт лічыў, што “войска маршуе, пакуль поўны страўнік”. Але з наяўнымі спосабамі захоўвання правіянту (саленне, вяленне ці вэнджанне, якія істотна змянялі густ прадуктаў) войска не было сытае.
У 1795-м годзе Напалеон Банапарт абвясціў грашовую ўзнагароду і званне “Дабрадзей чалавецтва” за вынаходства працяглага спосабу захоўвання харчовых прадуктаў. Французскі кухар Нікаля Апер у выніку эксперыментаў знайшоў спосаб, пры якім прадукты доўга захоўваліся і не гублялі карысных уласцівасцяў. Ён змяшчаў прадукты ў шкляныя слоікі, каркаваў і кіпяціў іх некалькі гадзін у салёнай вадзе. За сваё вынаходства ён атрымаў грашовую ўзнагароду і абяцанае ганаровае званне.
Пазней вынаходства Апера дапрацаваў Пітар Дзюран, прапанаваўшы змяшчаць прадукты ў бляшанкі. У 1810 годзе ён атрымаў патэнт на вынаходства, які прадаў двум ангельцам. Браян Донкін і Джон Хол пабудавалі фабрыку для вытворчасці кансервавых бляшанак. Бляшанкі вырабляліся ручна, з ліста бляхі, унутры пакрываліся волавам, а ў шво дадаваўся свінец. Такая вытворчасць была дарагой, працаёмістай і павольнай, а свінец, як апынулася, назапашваўся ў арганізме і выклікаў атручванне. Каб адкрыць бляшанку, трэба было скарыстаць долата і малаток. Згодна адной гісторыі, маракі, пацярпеўшы крушэнне, памерлі ад голаду: яны гэтак і не змаглі адкрыць кансервы, бо не мелі пры сабе ні долата, ні малатка.
З развіццём металургіі ў другой палове XIX стагоддзя кансервавыя бляшанкі пачалі вырабляць з танчэйшай бляхі, удасканаліўся працэс зборкі, і вытворчасць бляшанак была пастаўлена на струмень.
Кансервавы нож быў запатэнтаваны ў 1855 годзе ў Англіі і ў 1858 годзе ў ЗША. А ў 1866 годзе нью-ёркскі вынаходнік Остехаудт запатэнтаваў кансервавую бляшанку з вагаром-адкрывалкай.
Дзякуючы Эндзі Ўорхалу, кансервавая бляшанка стала нават аб'ектам мастацтва. Ён стварыў поп-арт з выявай кансервавых бляшанак таматавага супу “Кэмпбел”.