Lexpatent_logo

Рэестр яек з грымам клоўнаў –толькі не смейцеся!

Вялікдзень ужо не за гарамі, і беларусы, а таксама жыхары іншых краін збіраюцца далучыцца да старадаўняй традыцыі фарбаваць велікодныя яйкі.

Але ці ведалі вы, што роспіс яек можна выкарыстоўваць і як сродак аховы інтэлектуальнай уласнасці?

Дазвольце прадставіць вам рэестр яек з грымам клоўнаў – калекцыю выяў клоўнскага грыму ў Вялікабрытаніі. Сам рэестр яек запачаткаваны ў 1946 годзе, калі хімік Стэн Бульт у якасці хобі пачаў маляваць на яйках твары вядомых цыркавых клоўнаў. Гэтая практыка была адроджана ў 1980-х гадах і з часам ператварылася ў вялізную калекцыю, якая складаецца з соцень яек.

Крынiца: timeout.com

У цяперашні час дадзены рэестр уяўляе сабой не толькі выявы клоўнскага грыму на яйках для ўсеагульнага агляду, але таксама з'яўляецца і ўліковым запісам – з указаннем сапраўднага імя, а таксама творчага псеўданіма клоўна, даты ўступлення і серыйнага нумара – усіх членаў клуба клоўнаў «Clowns International» пачынаючы з канца 1980-х гадоў. Пісьмовы рэестр уключае ўказанне даты, для таго каб сябры клуба маглі вырашаць канфлікты, якія ўзнікаюць праз падобны дызайн грыму. Аднак такія канфлікты здараюцца адносна рэдка, паколькі ў супольнасці клоўнаў існуе сакрэтнае правіла, якое забараняе клоўнам капіраваць адзін аднаго.

Такім чынам, многія разглядаюць рэестр як форму аўтарскага права, хаця ён і не мае поўнай юрыдычнай сілы.

Але, апрача таго, што рэестр дапамагае пазбегнуць паўтарэння дызайну клоўнскага грыму, ён выконвае і іншыя функцыі, напрыклад, дазваляе даведацца пра новыя таленты ў сферы клаўнады; падказвае, што рабіць (і чаго не рабіць) з грымам; надае мастацтву клаўнады вялікую прэстыжнасць; служыць наглядным гістарычным летапісам выдатных клоўнаў для нашчадкаў і г.д.

І хоць дадзеная сістэма рэгістрацыі дызайну клоўнскіх грымаў функцыянуе па-за рамкамі судовай сістэмы без удзелу юрыстаў, яна яшчэ раз пацвярджае думку пра тое, што прававое рэгуляванне творчасці надзвычай важнае. Дзякуючы таму, што аўтары атрымліваюць законныя інструменты для кантролю за выкарыстаннем сваіх твораў, яны адчуваюць стымул да стварэння новых твораў мастацтва, упэўненыя ў тым, што змогуць атрымаць з іх прыбытак.