Хэдзі Ламар – гэта псеўданім аўстрыйскай акторкі Евы Марыі Кіслер, які яна ўзяла пасля таго, як у 1937 г. пераехала ў Галівуд. У 1930–1950-х гг. Ламар знялася болей чым у 20 фільмах і паралельна спрабавала то ўдасканаліць канструкцыю светлафора, то вынайсці таблетку, якая б пераўтварала ваду ў газаваны напой. Падчас Другой сусветнай вайны, кіруемая жаданнем дапамагчы амерыканскай арміі, Хэдзі Ламар прыдумала і апісала тэхналогію бяспечнай перадачы сігналаў, якія пасылалі радыёкіруемым тарпедам. Каб абараніць сігналы ад перахопу і скажэння, Ламар прапанавала выкарыстоўваць частату, якая «скакала» б увесь час і выпадковым чынам мянялася б як на прыстасаванні, якое яе перадае, так і на тым, што прымае. Суаўтарам Ламар быў кампазітар-авангардыст Джордж Антэйл. 11 жніўня 1942 г. яны атрымалі патэнт на «Сакрэтную сістэму сувязі», прынцыпы якой сёння выкарыстоўваюцца ў такіх тэхналогіях як Wi-Fi і Bluetooth. А дзень нараджэння Хэдзі Ламар – 9 лістапада – адзначаецца ў Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі як Дзень вынаходніка.