18 красавіка 2022 года ў Беларусі зарэгістравана першае пасля ўступлення ў сілу новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб геаграфічных указаннях” (далей – Закон) геаграфічнае ўказанне СКОТЧ ВІСКІ (SCOTCH WHISKY). Уладальнік геаграфічнага ўказання (далей – уладальнік ГУ) – «Зе Скотч Віскі Асасіэйшн» (UK). З падрабязнай інфармацыяй аб геаграфічным указанні “СКОТЧ ВІСКІ (SCOTCH WHISKY)”, апублікаванай на сайце беларускага патэнтнага органа, можна азнаёміцца па спасылцы.
Дыстыляцыя і вытрымка СКОТЧ ВІСКІ (SCOTCH WHISKY) ажыццяўляюцца выключна ў Шатландыі, і за яе межамі яны не могуць быць выраблены легальна. Выкарыстанне ўказання СКОТЧ ВІСКІ (SCOTCH WHISKY) або абазначэння, падобнага да яго да ступені змяшэння, у дачыненні да віскі ці іншых аднародных тавараў іншымі асобамі, якія не маюць права выкарыстоўваць дадзенае ўказанне, будзе парушаць правы ўладальніка ГУ. Таксама будзе прызнавацца парушэннем падобнае выкарыстанне для індывідуалізацыі неаднародных тавараў, калі гэта здольна ўвесці спажыўца ў зман адносна месца вырабу (паходжання), асобых уласцівасцяў, якасці, рэпутацыі або іншых характарыстык тавару. Парушэнне будзе мець месца і ў выпадку выкарыстання абазначэння СКОТЧ ВІСКІ (SCOTCH WHISKY) у спалучэнні са словамі “від”, “род”, “тып”, “стыль”, “марка”, “імітацыя”, “метад”, “як вырабляецца ў”, “падобны”, “аналагічны” і ім падобнымі.
Адказнасць за парушэнне
Звяртаем увагу, што, згодна з новай рэдакцыяй Закона, тавары, этыкеткі, упакоўкі тавараў, на якіх ужыта абазначэнне з парушэннем выключнага права на зарэгістраванае геаграфічнае ўказанне, з’яўляюцца кантрафактнымі. Пры гэтым уладальнік ГУ мае права патрабаваць выдалення з кантрафактных тавараў, этыкетак, упаковак тавараў незаконна ўжытага абазначэння, а пры немагчымасці выдалення – выключэнне іх з грамадзянскага абароту і знішчэння. Таксама такое ўказанне або абазначэнне павінна быць выдалена з тавару і матэрыялаў, якімі суправаджаюцца ўвядзенне гэтага тавару ў грамадзянскі абарот, выкананне работ і (або) аказанне паслуг: дакументацыі, рэкламы, друкаваных выданняў, вывесак, глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт. Пералічаныя меры прымаюцца за кошт вінаватай асобы. Акрамя пералічаных мер уладальнік ГУ можа па сваім выбары патрабаваць ад асобы, якая парушыла яго выключнае права на геаграфічнае ўказанне, пакрыцця страт або выплаты кампенсацыі ў памеры ад адной да пяцідзесяці тысяч базавых велічынь, які вызначаецца Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь з улікам характару парушэння. У выпадку, калі выкарыстанне тоеснага або падобнага да ступені змяшэння з геаграфічным указаннем абазначэння ў дачыненні да любых тавараў можа нанесці шкоду дзелавой рэпутацыі ўладальніка, ён мае права ўжываць спосабы абароны, прадугледжаныя заканадаўствам
Для даведкі
Новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь “Аб геаграфічных указаннях” уступіла ў сілу 29 жніўня 2020 года. Упершыню за доўгі час у пазначаны закон былі ўнесены істотныя змены, у тым ліку ў частцы удакладнення зместу паняцця геаграфічнага ўказання, якому ў Рэспубліцы Беларусь даецца прававая ахова, а таксама ў частцы рэгулявання працэдуры разгляду заявак на прадастаўленне права карыстання геаграфічным указаннем і адказнасці за парушэнне выключнага права на геаграфічнае ўказанне. У рабочую групу па распрацоўцы праекта змяненняў у Закон уваходзіла, акрамя іншых, патентны павераны і дырэктар кампаніі “ЛЕКСПАТЭНТ” Святлана Каралёва