Бортніцтва — збор мёду дзікіх пчол у дуплах, выдзеўбаных у дрэвах і калодах, — узнікла на беларускім Палессі больш за 1000 гадоў таму. Раней борці былі практычна ў кожнага жыхара Палесся, а калода лічылася вельмі дарагім падарункам на вяселле. Бортніцтва згадваецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага ў 1529 годзе: у тыя часы борцевы мёд і воск быў асноўным экспартаваным прадуктам.
Борцевы мёд вырабляецца без умяшання чалавека і мае вялікую каштоўнасць: бортнікі не выкарыстоўваюць штучнай вашчыны, цукровага сіропу, антыбіётыкаў для лячэння пчол. Мёд багаты вітамінамі, мінераламі, амінакіслотамі, антыаксідантамі. Борцевы мёд паліфлёрны: у яго складзе разнастайныя меданосныя расліны, некаторыя з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Дзікі мёд захоўваецца больш за год і не крышталізуецца.
Сакрэтаў у бортніцтва нямала: борці размяшчаюцца ў лясных нізінах, бо пчолам патрэбная вільгаць. На Палессі борці ўстанаўліваюцца ў поймах шматлікіх рэк (Прыпяць, Днепр, Бярэзіна і інш). Калода павінна быць з жывога дрэва, падвешаная на вышыні 6-8 метраў ад зямлі, дупло ў ёй штучна састарваюць.
Борцевы мёд выспявае на працягу паўгода і збіраецца толькі адзін раз на год − увосень. Калі з вулля пчаляр можа сабраць 20-30 літраў мёду, то бортнік з адной борці толькі 5-10.
З 2020 года бортніцтва Беларусі і Польшчы ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Борцевы мёд, атрыманы ў розных раёнах Беларусі, дзякуючы яго выключным уласцівасцям, асаблівасцям выкарыстанай тэхналогіі цалкам можа стаць аб’ектам інтэлектуальнай уласнасці, напрыклад, геаграфічным указаннем. Рэгістрацыя геаграфічнага ўказання, з аднаго боку, у чарговы раз павысіць прэстыж унікальнага тавару, з другога − абароніць яго ад магчымых падробак.