Lexpatent_logo

Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА папоўніўся традыцыяй беларускага саломапляцення

Саломапляценне – пятая беларуская культурная традыцыя, унесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Раней у дадзены спіс былі ўключаны калядны абрад вёскі Семежава “Калядныя цары”, Будслаўскі фэст, абрад “Юр’еўскі карагод” у вёсцы Пагост і бортніцтва. 

Такое рашэнне было прынята 1 снежня 2022 на 17 сесіі Міжурадавага камітэта, інфармацыя пра яго з’явілася ў афіцыйным акаўнце ЮНЕСКА ў Twitter. 

Салома ў Беларусі ўжывалася паўсюдна: ёй крылі стрэхі, падсцілалі жывёлу, а ў галодныя гады муку з саломы дадавалі ў хлеб. Як матэрыял для пляцення людзі пачалі выкарыстоўваць салому на мяжы ІІ-І тысячагоддзяў да н.э.: саломапляценне ўваходзіла ў абрады ўрадлівасці. А ў XVIII–XIX стагоддзях на беларускім Палессі сфарміравалася мастацкая школа па стварэнні іканастасаў з саломы для праваслаўных цэркваў. 

Асноўныя віды пляцення − плоскае, аб’ёмнае, спіральнае і прамое. У тэхніцы плоскага і прамога пляцення рабіліся скрыначкі, кашы, элемены для саламяных брылёў. Палескія іканастасы выконваліся ў тэхніцы аб’ёмнага пляцення і выглядалі не горш за пазалочаныя. Самы распаўсюджаны від пляцення, спіральны, выкарыстоўвася пры вырабе корабаў для захоўвання, бочак, цацак і нават вуллёў і мэблі! 

Сёння ў Беларусі традыцыі саломапляцення працягваюць каля 200 майстроў. Для пляцення выкарыстоўваюць пераважна жытнюю салому: з усіх злакавых раслiн сцябло жыта самае доўгае і трывалае.

Каб атрымаць саломку розных адценняў, яе нарыхтоўваюць (зразаюць уручную) у розны час. Пазней сушаць, вараць і плятуць вырабы, якія па праву з’яўляюцца візітоўкай Беларусі. 

Рост цікавасці да беларускай культуры і развіццё экалагічнай думкі стымулюе адраджэнне забытых рамёстваў, у тым ліку і саломапляцення.