Луі Брайль нарадзіўся 4 студзеня 1809 года. У трохгадовым узросце ён пашкодзіў вока інструментам у майстэрні бацькі-шаўца і да пяці гадоў цалкам аслеп. Бацькі Луі рабілі ўсё магчымае для развіцця хлопчыка, нават вырабілі алфавіт для навучання чытанню – у дошку ўбілі цвікі, якія абрысамі паўтаралі літары. Насуперак абмежаваным магчымасцям, Луі навучыўся чытаць, граць на скрыпцы, майстраваць абутак і элементы вупражы.
У 10 гадоў хлопчыка прынялі ў Парыжскі Каралеўскі інстытут для сляпых. У навучальнай установе выкладалі па падручніках з рэльефна-лінейнымі шрыфтамі. Аднак кніг на ўсіх не хапала, і выкладчыкі часцей разлічвалі на ўспрынцце вучнямі інфармацыі наслых.
У 1824 годзе, ва ўзросце 15 гадоў, Луі распрацаваў рэльефна-кропкавы тактыльны шрыфт. Ён натхніўся “начным шрыфтам” Шарля Барб’е, які быў распрацаваны па патрабаванні Напалеона і выкарыстоўваў 12 рэльефных кропак, што фарміраваліся праколваннем кардону, а чытанне ажыццяўлялася праз дотык да выпуклых праколаў. Ваенныя данясенні, напісаныя гэтым шрыфтам, можна было чытаць у цемры.
У аснове азбукі Брайля – “ячэйка-шасцікроп’е”: 6 выпуклых кропак, якія лёгка змяшчаюцца пад падушачкай пальца, размяшчаюцца ў двух вертыкальных шэрагах, наяўнасць або адсутнасць кожнай кропкі фарміруе 63 камбінацыі, кожнай з іх адпавядае літара, лічба ці знак.
Шрыфт прынялі не адразу нават у родным інстытуце, дзе Брайль працаваў настаўнікам-рэпетытарам. Вынаходства ацанілі як рэвалюцыйнае толькі праз некалькі гадоў, і цяпер шрыфт Брайля адаптаваны пад многія мовы.
Вынаходства Луі – адно з дзіцячых вынаходстваў, што змяняюць свет і робяць жыццё людзей зручнейшым. Дзень дзіцячых вынаходстваў (Kid Inventors’ Day) адзначаецца 17 студзеня. Датай святкавання абраны дзень нараджэння Бэнджаміна Франкліна, які ва ўзросце 12 гадоў вынайшаў ласты для рук.