Lexpatent_logo

Беларускі абрад “Калядныя цары” – народная традыцыя, якая ўвайшла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2009 годзе

Каб пабачыць абрад “Калядныя цары”, трэба 13 студзеня адправіцца з вёску Семежава Капыльскага раёна. Вечар “Старога Новага года” ў народзе называецца “Шчадрацом”, і ў рэгіёнах Беларусі да яго святкавання прымеркаваныя розныя традыцыі: “Конікі” ў Давід-Гарадку, Жаніцьба Цярэшкі, батлейка, калядаванне з казой, калядная варажба. 

Абрад зарадзіўся ў XVIII стагоддзі: тады ў Семежава стаялі царскія войскі. Зімнімі вечарамі ад нудоты салдаты ўбіраліся ў касцюмы, хадзілі па вёсцы і разыгрывалі прадстаўленне – за гэта жыхары вёскі іх частавалі. 

Традыцыю “Калядных цароў” жыхары Семежава не толькі захавалі, але і развілі яе ў вясёлае каляднае прадстаўленне. Для абраду, як і раней, удзельнікі ўбіраюцца ў белыя кашулі і нагавіцы, грудзі крыж-накрыж павязваюць чырвонымі семежаўскімі паясамі з традыцыйным арнаментам, на галаву надзяюць высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі. Асноўныя дзейныя асобы – цары Максімільян і Мамай, доктар, барабаншчык, механоша, Дзед і Баба. Прадстаўленне доўжыцца хвілін 15: за гэты час удзельнікі паспяваюць вылечыць гаспадароў, паваяваць з імі, просьбамі і грозьбамі сабраць ежу ў вялікі мех. 

У Семежава вераць, што там, дзе пабывалі Калядныя цары, увесь год будзе дабрабыт і мір. 

У 2009 годзе абрад быў унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А чырвоныя семежаўскія паясы, што ўпрыгожваюць сваіх калядных цароў і сталі славутасцю Капыльскага раёна, цалкам маглі б дапоўніць спіс геаграфічных указанняў Рэспублікі Беларусь.