У дзень нараджэння любімага ласунку раскажам вам некалькі цікавых фактаў пра яго.
Як і большасць геніяльных вынаходстваў, паста “Nutella” з'явілася выпадкова. У пасляваенны час у Італіі какава была дэфіцытным прадуктам. П'етра Ферэра, уладальнік пякарні ў П'емонце, дадаў у пасту цёрты фундук - яго ў Італіі было дастаткова. Так 5 лютага 1946 года ён выпусціў першую партыю шакаладна-арэхавай пасты. Першапачаткова ласунак меў форму буханкі і называўся “Giandujot”. У 1951 годзе з'явілася крэмавая версія, названая “Supercrema”. У 1964 годзе сын П’етра, Мікеле Ферэра, змяніў упакоўку, склад і назву пасты: яна стала называцца “Nutella” (Nut − арэх, ella − канчатак жаночых імёнаў), у гэтым жа годзе быў зарэгістраваны міжнародны таварны знак NUTELLA. А ў 1965 годзе з'явіўся той самы шкляны слоік, і ён таксама адразу быў зарэгістраваны ў якасці міжнароднага таварнага знака.
Склад ласунку напісаны на этыкетцы, але дакладная рэцэптура захоўваецца ў строгім сакрэце. Вядома толькі, што ў кожным слоічку Нутэлы прыкладна 50 арэхаў і паўтары шклянкі малака. 25% усіх сусветных запасаў фундука набывае “Ферэра” для вытворчасці “Nutella”.
У 2007 годзе Nutella ўвайшла ў спіс Forbes самых геніяльных ідэй, якія зрабілі іх вынаходнікаў багатымі.
Да 50-гадовага юбілею “Nutella” пошта Італіі выпусціла марку з выявай любімага слоічка. Таксама быў створаны сайт, дзе прыхільнікі пасты размясцілі каля 75 000 гісторый, звязаных з пастай.
На сайце кампаніі ёсць не толькі рэцэпты страў з пастай, але таксама і спосабы выкарыстання слоіка, бо "У кожнай рэчы можа быць другое жыццё!". А немец Даніэль Скоблах нават вынайшаў замок для шакаладнай пасты “Nutella”. Відаць, яму была добра знаёмая сітуацыя, што вось паста яшчэ ёсць, а вось яе няма… Асабліва, калі побач − дзеці. Хоць злоўжываць пастай не варта: яна ўтрымлівае 70% цукру і тлустых алеяў. Рэкамендаваная кампаніяй колькасць − 2 чайныя лыжкі на дзень.
Рыхтуючыся да чарговага, 60-гадовага юбілею, кампанія ўжо зарэгістравала міжнародны таварны знак “NUTELLA – 60 YEARS OF SMILES”.