Lexpatent_logo

Аўчынка варта вырабу! Глыбоцкі масляны баран — страва, уключаная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі

Звычаі і традыцыі, веды і ўменні — гэта нематэрыяльная культурная спадчына, якая перадаецца людзьмі з пакалення ў пакаленне і фарміруе пачуццё самабытнасці, пераемнасці і супольнасці. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана больш за 160 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а 5 з іх унесены таксама ў спіс ЮНЕСКА (мы пісалі раней пра традыцыю бортніцтва і абрад “Калядныя цары”).

Масляны баран —традыцыйная страва Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, якую робяць на Вялікдзень і іншыя вялікія святы. Традыцыі гатавання – больш за 200 гадоў, і яна ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Для баранчыка трэба каля 400 гр. хатняга масла, збітага ў драўлянай маслабойцы. Выраб пачынаецца з каркаса: з двух кавалачкаў масла рыхтуюць аснову для тулава і галавы. Далей гаспадыня робіць кудзеркі: кавалачак масла выціскае праз некалькі слаёў марлі. Атрыманае “руно” здымае з марлі нажом і мацуе на аснову, пачынаючы з галавы. Для вачэй выкарыстоўваюцца гарошыны перцу, а рожкі традыцыйна робяць з воску.

Падаюць баранчыка як дадатак да бліноў і свежага хлеба. Есці яго пачынаюць з хваста, бо іначай як потым зразумець, што гэта быў баранчык?

З традыцыяй можна пазнаёміцца, адправіўшыся на экскурсію ў вёску Мацюкова Глыбоцкага раёна, дзе майстрыха Марына Хрол душэўна гатуе баранчыка па старадаўнім рэцэпце. 

А нас, як патэнтных павераных, гэтае пытанне цікавіць яшчэ і таму, што “Глыбоцкі масляны баран” цалкам мог бы быць зарэгістраваны ў якасці геаграфічнага ўказання Рэспублікі Беларусь, чым, апрача статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, набыў бы і статус аб'екта інтэлектуальнай уласнасці!