Lexpatent_logo

Гісторыя вынаходства самай вядомай галаваломкі − кубіка Рубіка

Кубік Рубіка быў вынайдзены ў 1974 годзе венгерскім архітэктарам, інжынерам і выкладчыкам Эрнё Рубікам. Ён стварыў куб як наглядны дапаможнік для студэнтаў, якім складана давалася тэма «Матэматычная тэорыя груп». У 1975 годзе Э. Рубік атрымаў патэнт Венгрыі на «Магічны куб». 

Адразу пасля стварэння вынаходства Э. Рубік не ўмеў збіраць куб: на зборку ён выдаткаваў каля месяца, прычым спачатку не быў упэўнены, што гэта магчыма. Пазней матэматыкі пралічылі, што дастаткова 23 хадоў, каб сабраць кубік з любой камбінацыі. Пры гэтым выпадкова сабраць галаваломку немагчыма, а колькасць непаўторных камбінацый кубіка складае больш за 43 квінтыльёны (дакладней − 43252003274489856000). 

У продажы галаваломка з'явілася ў 1977 годзе, і ўжо ў 1980 годзе яна стала цацкай года. 

На сёння тэрмін патэнтнай аховы «Магічнага куба» скончыўся. А ў 2019 годзе была пастаўлена кропка ў шматгадовай спрэчцы, ініцыяванай канкурэнтам вытворцы кубіка Рубіка, пра сапраўднасць Еўрапейскага таварнага знака EUTM No 162784, што ўяўляе сабой трохмерную выяву кубіка. Еўрапейскі суд прызнаў таварны знак не адпаведным  крытэрыям аховаздольнасці, паколькі яго форма вызначалася неабходнасцю дасягнення тэхнічнага выніку (функцыянавання ў якасці трохмернай галаваломкі). У той жа час асноўная функцыя таварнага знака − адрозніваць тавары адных асоб ад аднародных тавараў іншых асоб. 

Тым не менш, кубік Рубіка не губляе сваёй папулярнасці. На сёння ў свеце прададзена ўжо больш за 400 мільёнаў экзэмпляраў. Шмат у чым продажам спрыяюць спідкуберы − людзі, якія займаюцца хуткаснай зборкай кубіка Рубіка. Яны ладзяць спаборніцтвы і ставяць новыя рэкорды, якія фіксуюцца World Cube Association. Рэкорд, які ў 2018 годзе ўстанавіў кітаец Юйшэн Ду (Yusheng Du), сабраўшы кубік за 3,47 секунды, дагэтуль не пабіты. Праўда, калі не лічыць выніку, дасягнутага спецыяльным робатам – 0,38 секунды. Таксама цікавы вынік Махамеда Айман Колі з Індыі, які нагамі сабраў галаваломку за 15,56 секунды. 

Эрнё Рубік перадаў дзяржаве частку прыбыткаў ад продажу галаваломкі на арганізацыю фонду, закліканага садзейнічаць укараненню вынаходстваў грамадзян Венгрыі. Апошнія гады аўтар галаваломкі займаецца распрацоўкай відэагульняў і піша артыкулы па архітэктуры.