Lexpatent_logo

Літоўская мытня затрымала буйную партыю кантрафактных "кубікаў Рубіка". А што адбудзецца з кантрафактам пры спробе яго ўвозу ў Беларусь?

На днях у сродках масавай інфармацыі з’явілася навіна пра тое, што літоўскія мытнікі выявілі каля пяці тысяч кантрафактных «кубікаў Рубіка», якія прызначаліся для ўвозу на тэрыторыю Беларусі. Як паведамляецца, партыі з падробленай гульнёй-галаваломкай былі канфіскаваныя мытняй Літвы і ў бліжэйшы час будуць знішчаныя. А што б адбывалася, калі б кантрафактны тавар дайшоў да мытнага афармлення ў Беларусі? Якія меры могуць быць прынятыя беларускімі мытнымі органамі ў дадзенай сітуацыі?

У сваёй практыцы мы сутыкаліся з наступнымі варыянтамі развіцця падзей.

Першы варыянт

Пачнём з таго, што часта вялікія партыі кантрафактнага тавару не дэкларуюцца належным чынам. На мытні перавозчык «забывае» ці наогул «не ведае», што ён вязе, і такі тавар магічным чынам знікае з усіх таварараспарадчых дакументаў. І калі ў ходзе правядзення мытнага надгляду выяўляецца кантрафактны тавар, то мытняй можа быць распачаты адміністрацыйны працэс па факце недэкларавання або прадастаўлення недакладных звестак пра тавары. Магчымыя санкцыі − накладанне штрафу да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага парушэння (для ІП і ЮА).

Другі варыянт

Дапусцім, што аб’ект права інтэлектуальнай уласнасці «кубік Рубіка» ўключаны ў нацыянальны мытны рэестр АІУ Беларусі (МРАІУ). У гэтым выпадку пры ажыццяўленні мытнага афармлення спрацоўваюць кантрольныя мытныя меры: тэрмін выпуску тавараў прыпыняецца, мытны орган апавяшчае праваўладальніка. У праваўладальніка ёсць права на працягу 10 працоўных дзён звярнуцца, напрыклад, у мытню з заявай аб абароне сваіх правоў. Пасля завяршэння разгляду заявы мытным органам складаецца пратакол, справа перадаецца ў суд, дзе прымаецца рашэнне пра далейшы лёс кантрафактнага тавару. Магчымыя санкцыі − накладанне штрафу ў памеры ад 50 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару або без (для ІП), а на ЮА − ад 100 да 300 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару або без канфіскацыі. Дадаткова ўладальнік аб’екта права інтэлектуальнай уласнасці можа прасіць суд пра знішчэнне кантрафактнага тавару.

Трэці варыянт

Аб’ект права інтэлектуальнай уласнасці «кубік Рубіка» не ўключаны ў МРАІУ, але мытны орган можа паведаміць праваўладальніку пра выяўленне кантрафактнага тавару. Пасля чаго ў праваўладальніка ёсць магчымасць падаць заяву ў мытню аб парушэнні яго правоў. Далейшы алгарытм дзеянняў аналагічны другому варыянту.

Каманда ТДА «ЛЕКСПАТЭНТ» з задавальненнем дапаможа абараніць вашы правы пры ўсіх магчымых варыянтах развіцця падзей!

P.S. Дарэчы, пра гісторыю стварэння «кубіка Рубіка» мы пісалі раней: https://lexpatent.by/ru/news/2023/03/21/kubik/.

Юлія Селіханава, юрысконсульт

Валерыя Сяргей, намеснік начальніка юраддзела