Lexpatent_logo

Навіны кампаніі: вандруем па Беларусі

На днях каманда «ЛЕКСПАТЭНТА» выправілася ў чарговае невялікае падарожжа, гэтым разам − па беларускім Палессі. За два дні мы пабывалі ў сталіцы Палесся − Пінску (засн. у 1097 г., другі горад у Беларусі пасля Гродна па колькасці захаваных помнікаў архітэктуры), жамчужыне Палесся − Моталі (радзіма абраду «Мотальскі каравай», уключанага ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а яшчэ тут у 1874 годзе нарадзіўся Хаім Вейцман, першы прэзідэнт Ізраіля) і вёсцы майстроў Бездзежы, што не саступае Моталю ў папулярнасці і душэўнасці, дзе знаходзіцца адзіны ў свеце музей фартухоў. Асобнае незабыўнае ўражанне пакінуў музей Напалеона Орды, які нарадзіўся ў гэтых краях, таленавітага мастака, музыканта, кампазітара, вучонага і педагога.

Што паспелі: атрымаць асалоду ад выдатных краявідаў, у чарговы раз закахацца ў родны край, а таксама (нягледзячы на выхадныя) задаволіць свой прафесійны інтарэс, бо мы наведалі радзіму Аляксандра Сямёнавіча Скірмунта, першага беларуса, які 10 снежня 1830 года атрымаў патэнт на вынаходства (Прывілей № 61 быў выдадзены на «Снарад для выпарвання цукровых сіропаў пасродкам пароў на плоскіх пакатаўсталяваных паверхнях»).

Асобна хочацца адзначыць «Бездзежскія фартушкі». Гэта неверагодна прыгожыя рукадзельныя фартухі майстрых, методыка вырабу якіх дасталася ад далёкіх продкаў. Кожны фартушок упрыгожаны ўнікальным узорам. Так-так, узоры не паўтараюцца! Збольшага ў вышыўцы скарыстаныя кветкавыя і раслінныя матывы, кожны з элементаў абавязкова нешта сімвалізуе: васілёк – спакой і вернасць, лісце дуба – росквіт і даўгалецце і г.д. Адметнасць бездзежскіх фартушкоў – у адмысловай выбеленасці палатна, а таксама тонкасці ніткі, з якіх выткана палатно: 300 нітачак павінны праходзіць праз жаночы заручальны пярсцёнак. 

  

Дзякуючы сваёй унікальнасці «Бяздзежскія фартушкі» цалкам могуць быць зарэгістраваныя ў якасці геаграфічнага ўказання Рэспублікі Беларусь.

Зрэшты, як і «Мотальскі каравай». Ён выпякаецца на вяселле, і працэс яго прыгатавання, а таксама падзелу паміж гасцямі падчас урачыстасці – адмысловы абрад са мноствам правілаў. Напрыклад, толькі самыя паважаныя, шчаслівыя ў шлюбе жанчыны, якія маюць дзяцей, дапускаюцца да выпечкі каравая, каб і ў маладых сямейнае жыццё таксама было шчаслівым.

А яшчэ Моталь знакаміты сваімі «Мотальскімі прысмакамі», пра якія можна гаварыць вельмі доўга, але лепш паспытаць. Мы паспыталі!