Lexpatent_logo

Hi, Barbie! Гісторыя самай папулярнай лялькі

Прайшло крыху больш за месяц з моманту выхаду ў пракат фільма «Барбі», а касавыя зборы ўжо перавалілі за 1 млрд долараў. Вялізная ўвага гледачоў і крытыкаў да фільма прымусіла нас крыху разабрацца ў тым, адкуль жа ўзнікла самая вядомая ў свеце лялька.

Рут Хэндлер, сузаснавальнік кампаніі па вытворчасці цацак Mattel, Inc. (ЗША), не раз назірала, як яе дачка Барбара гуляе з папяровымі лялькамі. У гэтых гульнях лялькі вучыліся ў каледжы, працавалі на розных працах, адпраўляліся на спатканні, выходзілі замуж, спрабавалі сябе ў розных іпастасях. Рут вырашыла, што дзяўчатам-падлеткам неабходная цацка, з якой яны змогуць прайграваць розныя ролевыя мадэлі і якая дапаможа падрыхтавацца да дарослага жыцця. Бо з лялькамі-пупсамі яны маглі гуляць толькі ў мам і хатніх гаспадынь. Патрэбна была старэйшая лялька.

Нешта падобнае Рут заўважыла падчас яе сямейнага адпачынку ў Швейцарыі. Гэта была жаноцкая Лілі, гераіня коміксаў з газеты «Bild Zeitung», якая з’явілася ў Германіі ў 1955 годзе. У дадатак да коміксаў, выдаўцы вырабілі партыю пластыкавых лялек, якіх найчасцей куплялі ў падарунак… мужчынам. Адну з гэтых лялек Рут набыла ў якасці прыкладу (пасля з мэтай урэгулявання прэтэнзій кампанія Mattel выкупіць у газеты выключныя правы на Лілі).

Упершыню лялька Барбі была прадстаўлена на Нью-Ёркскім кірмашы цацак 9 сакавіка 1959 года. Тады прадстаўнікі гандлёвых сетак не ўспрынялі “дарослую” ляльку сур’ёзна, а вось звычайным пакупнікам яна спадабалася, і партыя ў 351 000 экзэмпляраў была раскупленая ўсяго за некалькі дзён. Першапачаткова лялька каштавала $3 і была апранута ў чорна-белы купальнік і чорныя туфлі на абцасах. Пры гэтым усе аксесуары прадаваліся за дадатковыя грошы і прыносілі асноўную выручку Mattel.

Неўзабаве пасля запуску продажаў, 1 снежня 1959 года, у патэнтным ведамстве ЗША быў зарэгістраваны першы таварны знак BARBIE, дата рэгістрацыі першага патэнта на канструкцыю лялькі − 21 лістапада 1961 года.

Будучы ўсмешлівай бландзінкай, Барбі паступова абзавялася сяброўкамі з розным колерам валасоў і скуры. Гэта, напрыклад, прыгажуні Мідж, Тэрэза, Крысці, малодшая сястра Скіпер. У 1961 годзе ў Барбі з’явіўся хлопец, названы Кенам у гонар сына Рут і Эліёта Хэндлераў.

За ўсю гісторыю вытворчасці цацкі Барбі ніколі не была замужам і заўсёды была кар’ерысткай. Яна змяніла больш за 250 прафесій і нават неаднаразова балатавалася ў прэзідэнты. Рут Хэндлер казала, што лялька заклікана натхняць дзяўчат і паказваць, што яны могуць быць кім заўгодна.

У 2001 годзе Барбі паспрабавала сябе ў акцёрскай кар’еры: першую ролю яна “сыграла» ў мультфільме «Барбі і Шчаўкунок». Затым лялька з’явілася ў трох частках «Гісторыі цацак». А ў 2023 годзе кінакампанія Warner Bros. прысвяціла ляльцы цэлы фільм, які ўстанавіў рэкорд па касавых зборах сярод фільмаў, якія не з’яўляюцца коміксамі, сіквеламі або рэмейкамі.

Ва ўсе часы ляльку крытыкавалі за нерэалістычнасць яе формаў, але для многіх дзяўчатак яна − самая любімая цацка і жаданы падарунак: у кожнай дзяўчынкі ў Еўропе і ЗША ў сярэднім па 7 лялек Барбі. Па сцвярджэнні вытворцы, кампаніі Mattel, кожную хвіліну ў свеце прадаецца каля 100 лялек.

Першы патэнт можна пабачыць тут.