Па версіі Interbrand брэнд Google ацэньваецца ў больш як 260 млрд долараў ЗША і па выніках 2023 года займае 4 радок у спісе найлепшых глабальных брэндаў.
А зараджалася пошукавая сістэма Google як навучальны праект аспірантаў Стэнфарда Лары Пэйджа і Сяргея Брына. Сябры нястомна працавалі, каб сусветнае павуцінне стала больш даступным, карысным і структураваным. У аснову пашукавіка быў пакладзены алгарытм PageRunk, згодна з якім важнасць асобнай старонкі тым вышэйшая, чым часцей на гэтую старонку спасылаюцца іншыя сайты. Аднак праект моцна адцягваў студэнтаў ад вучобы, і ў 1999 годзе яны хацелі прадаць яго за 1 млн долараў і нават гатовыя былі зніжаць заяўленую суму, але прапановай так ніхто і не зацікавіўся. Тады яны прыпынілі сваё навучанне ў аспірантуры і ўшчыльную заняліся сваім праектам.
Назва Google была зарэгістраваная па памылцы, але адсылае яна да ліку googol, які ў дзесятковай сістэме абазначае адзінку са 100 нулямі і сімвалізуе велізарны аб’ём інфармацыі, падуладны пошукавай сістэме. Такім чынам падкрэсліваецца, што мэта кампаніі Google — «упарадкаваць усю інфармацыю ў свеце і зрабіць яе даступнай кожнаму» (https://about.google/).
На галоўнай старонцы пашукавіка ў святы і знамянальныя падзеі з’яўляюцца дудлы – карцінкі, анімацыі і гульні. Першы дудл, чалавечак burning man, з’явіўся 30 жніўня 1998 года. Раней, падчас той ці іншай падзеі, наведвальнікам сайта паведамлялася, што ўсе супрацоўнікі будуць адсутнічаць на працы і ўдзельнічаць у свяце. На сённяшні дзень створана больш за 5000 дудлаў. А ў святочным дудле з нагоды 25-годдзя пашукавіка можна ўбачыць, як з часам мяняўся лагатып Google: https://www.google.com/doodles/googles-25th-birthday.
Штодня пашукавік google.com наведваюць мільёны карыстальнікаў. Ён так шчыльна ўвайшоў у наша жыццё, што лінгвісты афіцыйна ўключылі слова «загугліць» у «Оксфардскі слоўнік». Сёння ў кампаніі мноства прадуктаў, у ёй працуе больш за 60 000 чалавек, але жаданне рабіць свет і інтэрнэт лепшымі засталося нязменным.