Lexpatent_logo

28 сакавіка — дзень нараджэння пральнай машыны

У старажытнасці людзі мылі сваё адзенне, б’ючы ім аб камяні або шаруючы абразіўным пяском, а бруд змывалі ў бліжэйшых рэчках. Сведчанні існавання старажытных мыйных сродкаў былі знойдзеныя ў Рыме, дзе ў якасці мыла выкарыстоўваўся попел, які змяшчае тлушч ахвярных жывёл. Праца прачак была незайздроснай і адбірала шмат часу і сіл.

Але свет чысціні стаў змяняцца з вынаходствам пральных машын.

28 сакавіка 1797 года Натаніэль Брыгс, вынаходнік і бізнесмен з Нью-Гэмпшыра, атрымаў патэнт на пральную машыну. Патэнт, прызначаны для «мыцця адзення», быў выдадзены на машыну, вядомую як «The Box Mangler». Яна складалася з цяжкай рамы, у якой знаходзілася вялікая, напоўненая камянямі скрыня, што абапіралася на шэраг доўгіх драўляных ролікаў. Бялізна ўкладвалася на прасціну і намотвалася на адзін з ролікаў. Два чалавекі цягнулі за рычагі, рухаючы цяжкую скрыню па роліках узад і ўперад. У той час, калі ўсё даводзілася рабіць уручную, такая машына дазваляла, як запэўнівае яе вынаходнік, эканоміць час і сілы, а таксама берагчы адзенне і… нервы. Навінка была вельмі вялікай па памеры і даволі дарагой, а кіраванне ёй насамрэч вымагала цяжкай працы.

Ужо ў 1851 годзе Джэймс Кінг запатэнтаваў прыладу, больш падобную да сённяшняй памочніцы. У канструкцыі быў барабан, які круціўся і прыводзіўся ў рух уручную. Гэта вынаходства дало штуршок развіццю канструктарскай думкі: толькі ў ЗША за 25 гадоў было выдадзена больш за 2000 патэнтаў на прылады, прызначаныя для мыцця адзення.

У 1858 годзе Гамільтан Сміт запатэнтаваў ротарную пральную машыну.

У 1874 годзе ў ЗША Уільям Блэкстоўн першым стварыў дамашнюю версію пральнай машыны і ўручыў яе сваёй жонцы ў якасці падарунка на дзень нараджэння. Распрацоўка была даволі ўдалай, і Блэкстоўн запусціў яе ў серыйную вытворчасць, прадаючы кожную пральную машыну па 2,5 USD за штуку.

А ў Еўропе Карл Міле у 1900 годзе пачаў вырабляць пральныя машынкі, у якіх за аснову была ўзята канструкцыя маслабойкі. Што, уласна кажучы, цалкам лагічна, бо годам раней, у 1899 годзе, Міле сумесна з Рэйнхардам Цынканам стварылі фабрыку па вытворчасці сепаратараў для вяршкоў «Miele & Cie».

Цалкам механізаваць пральную машыну, абсталяваўшы яе электрычным рухавіком, атрымалася ў Алва Дж. Фішэра у 1908 годзе, патэнт выдадзены ў 1910 годзе.
Далей рушыла мноства ўдасканаленняў, і, нарэшце, у 90-х гадах у машынак з’явіліся рэжымы прання, адціскання і паласкання.

Для большасці людзей вынаходства пральнай машынкі істотна палегчыла побыт, але для прачак яно стала катастрофай: іх паслугі перасталі быць запатрабаванымі, і прафесія знікла.

У горадзе Ітан (штат Каларада ў ЗША) Лі Максвелам сабраная велізарная калекцыя пральных машын (больш за 600 экзэмпляраў). Большасць прылад функцыянуе: калекцыянер уласнаручна іх разабраў, пачысціў і змазаў. У музей можна патрапіць на экскурсію па папярэднім запісе, але на сайце музея можна паглядзець і віртуальную экскурсію. Тут сабраны каталог пральных машын і база з больш як 20 000 адсканаваных патэнтаў на прылады.

Вядомы шведскі лекар, акадэмік і аратар прафесар Ханс Рослінг прапанаваў версію, што пральная машына — найвялікшае вынаходства прамысловай рэвалюцыі дзякуючы таму, што яна дазволіла жанчынам ператварыць сумны дзень прання ў дзень чытання.

А што робіце вы, пакуль ваша пральная машына працуе?