9 лютага ў некаторых частках свету адзначалі Міжнародны дзень стаматолага. Цяжка знайсці чалавека, які б не выпрабаваў на сабе ўсе вабноты паходу да гэтага спецыяліста. Аднак, апрача звыклага ўсім карыесу і гінгівіту, многія людзі пакутуюць ад так званай прыроджанай адэнтыі — паталогіі, звязанай з парушэннем фарміравання зародкаў зубоў, якая прыводзіць да іх адсутнасці. Адсутнасць зубоў — не толькі касметычны дэфект, але і прычына развіцця дэфармацый твару, парушэння жавання і стрававання і нават змены паставы.
А што калі вы раптам даведаецеся, што, магчыма, у не такой далёкай будучыні людзі, якія пакутуюць на такую паталогію, змогуць вырошчваць новыя зубы проста ў сябе ў роце?
Напрыканцы мінулага года свет абляцела навіна пра стварэнне японскімі навукоўцамі інавацыйнага прэпарату, які пры яго сістэмным ужыванні дазваляе актываваць рост зубоў. На мышах з прыроджанай адэнтыяй навукоўцы праверылі, ці могуць антыцелы да бялку USAG-1, які ўплывае на нармальнае фарміраванне зубоў, быць выкарыстаныя пры лячэнні гэтай паталогіі (Anti–USAG-1 therapy for tooth regeneration through enhanced BMP signaling - PMC (nih.gov)).
Чалавечыя зубы, за выключэннем пастаянных маляраў, з'яўляюцца дыфіядонтнымі, то-бок першае пакаленне зубоў з часам змяняецца другім. Першае (малочнае) і другое (пастаяннае) пакаленне зубоў часам суправаджаюцца «трэцім зубным шэрагам» з рудыментарных зубоў, якія могуць з'яўляцца ў дадатак да пастаянных зубоў. Навукоўцы паказалі, што распрацаваны імі падыход з выкарыстаннем антыцелаў можа быць перспектыўным для мэтанакіраванай стымуляцыі развіцця трэцяга зубнога шэрагу ў людзей з адэнтыяй.
Усе мы ведаем, што працэс стварэння новага медыцынскага прэпарату доўгі і цярністы. Распрацоўшчыкі трацяць гады на даследаванні, выпрабаванні і атрыманне неабходных дазволаў. Таму ў дадзенай сферы патэнтаванне адыгрывае адмысловую ролю. У прыватнасці, запатэнтаваная распрацоўка дае магчымасць вытворцу прэпарату ў далейшым акупіць затраты на яго вытворчасць.
Японскія навукоўцы-стаматолагі выдатна гэта разумеюць, таму ўніверсітэтамі, у якіх яны працуюць, ужо даўно пададзеныя міжнародныя заяўкі на атрыманне патэнтаў, апублікаваныя пад нумарамі WO2021010346, WO2021167056 і WO2023148894. Заяўкі, у прыватнасці, датычацца антыцела, якое спецыфічна звязвае і нейтралізуе USAG-1, кампазіцыі для рэгенерацыі зубоў, якая змяшчае дадзенае антыцела, і канкрэтных амінакіслотных паслядоўнасцяў, якія ўваходзяць у склад антыцела. Па першай з заявак ужо атрыманы патэнт CN114364694 у Кітаі, апрача таго, навукоўцы атрымалі патэнт JP7572668 у Японіі.
Распрацоўшчык новых медыцынскіх прэпаратаў заўсёды павінен быць дальнабачным і здольным ацаніць перспектыўнасць сваёй распрацоўкі на самых ранніх этапах яе стварэння. Запатэнтаваць можна як новае злучэнне, так і кампазіцыю, якая змяшчае гэтае злучэнне, а таксама спосабы іх атрымання. У Беларусі на сённяшні дзень нельга наўпрост патэнтаваць спосабы лячэння ці дыягностыкі захворванняў чалавека, але можна апасродкавана абараніць такі спосаб, атрымаўшы патэнт на аб'ект «ужыванне». Апрача таго, спосаб лячэння можа быць запатэнтаваны на тэрыторыі нашай краіны праз Еўразійскую патэнтную сістэму.
Ужо знаёмыя нам навукоўцы таксама даследавалі магчымасць паверхневага выкарыстання прэпарату на аснове малых інтэрферуючых РНК (Stealth RNAi siRNA) для інгібіравання экспрэсіі гена USAG-1 і лячэння адэнтыі. Такі падыход таксама аказаўся вельмі перспектыўным (Local application of Usag-1 siRNA can promote tooth regeneration in Runx2-deficient mice - PMC). І, між іншым, STEALTH RNAI — гэта не проста назва выкарыстанай навукоўцамі тэхналогіі, але і зарэгістраваны ў ЗША пад нумарам 3794974 таварны знак кампаніі Life Technologies Corporation.
Звяртайцеся да нас, у кампанію ЛЕКСПАТЭНТ, і нашы вопытныя патэнтныя павераныя адкажуць на ўсе вашы пытанні і з задавальненнем дапамогуць падрыхтаваць і падаць патэнтавую заяўку на вашу распрацоўку.
Хто ведае, магчыма, менавіта ваша вынаходства дасць дарогу ў стаматалогію будучыні.