Вы вынаходнік і вырашылі запатэнтаваць сваю распрацоўку? А ці ўмееце вы складаць патэнтную формулу?
Формула вынаходства характарызуе аб'ём прававой аховы, які прадастаўляецца вынаходству, г. зн. тое, што ў рэшце рэшт павінна быць абаронена ад несанкцыянаванага выкарыстання. Таму формула — гэта самая важная частка ўсёй патэнтнай заяўкі.
Росквіт штучнага інтэлекту (ШІ), які адбыўся ў апошнія гады, не мог абмінуць і такой галіны, як складанне патэнтных заявак. Вядома, калі праграмісты просяць ШІ пісаць код, чаму б вынаходніку не папрасіць ШІ напісаць формулу вынаходства?
Нядаўна вучоныя з Тайваня правялі даследаванне пра складанне формулы вынаходства ў заяўках на выдачу патэнтаў на біямедыцынскія распрацоўкі, і выявілася, што ўсё не так і проста.
Як адзначаюць аўтары артыкула, цяпер існуе цэлы шэраг спецыялізаваных інструментаў, якія дапамагаюць вынаходніку апісаць словамі сваё вынаходства. Адзін з іх — Patent Generative Transformer (PGT) — моўная мадэль, навучаная для палягчэння складання патэнтных заявак. Так, дадзеная мадэль можа генераваць частку тэксту патэнтнай заяўкі на падставе ўжо існуючай часткі тэксту, прыдумваць загалоўкі і складаць рэфераты, паляпшаць тэкст і ацэньваць, наколькі добра суадносяцца паміж сабой розныя часткі тэксту заяўкі. Пры гэтым, аднак, мадэль цалкам ігнаруе залежныя пункты формулы вынаходства.
Апрача таго, існуюць і камерцыйныя інструменты, якія спрашчаюць жыццё патэнцыйным заяўнікам, напрыклад, ClaimMaster, які дазваляе знаходзіць і выпраўляць тэкставыя памылкі, карэктаваць нумарацыю на фігурах чарцяжоў, генераваць тэкст апісання і малюнкі на падставе формулы і многае іншае.
Тым не менш існуючыя мадэлі сутыкнуліся з некаторымі цяжкасцямі ў складанні формул: залежныя пункты формулы вынаходства аказаліся ім не па зубах. Залежныя пункты развіваюць і дапаўняюць прыметы вынаходства, ахарактарызаваныя ў незалежным пункце формулы. Пры гэтым залежнасць можа быць дастаткова складанай, калі адзін пункт залежыць адразу ад некалькіх іншых пунктаў формулы. Такая логіка складання формулы вынаходства аказалася занадта незразумелай для згаданых інструментаў без іх дадатковага спецыялізаванага навучання.
Аднак пры выкарыстанні розных інструментаў на аснове ШІ варта ўлічваць той факт, што перадача канфідэнцыйнай інфармацыі, на падставе якой складаецца заяўка, у воблачныя сэрвісы пры выкарыстанні аддаленых інструментаў для складання формулы можа быць небяспечнай. Пры гэтым пры выкарыстанні лакальнага генератара тэксту патэнцыйнаму заяўніку самому давядзецца трэніраваць і навучаць ужываную моўную мадэль, але ў такім выпадку навучанне моўных мадэляў з вялікай колькасцю параметраў можа стаць для карыстальніка непасільнай задачай.
Як ні круці — абысціся без спецыяліста вельмі праблематычна. І нягледзячы на тое, што аўтарам вышэйзгаданага артыкула ўдалося наладзіць спецыялізаваныя інструменты так, каб яны змаглі складаць біямедыцынскія патэнтныя формулы з правільным стылем напісання, структурай залежнасцяў і тэхнічным зместам, яны адзначылі, што дасведчаныя патэнтныя інжынеры ўсё яшчэ застаюцца незаменнымі ў такой няпростай справе.
Таму для складання патэнтнай заяўкі мы рэкамендуем звяртацца да спецыялістаў. Яны не толькі дапамогуць вам зразумець, што менавіта вы вынайшлі, але і параяць, як правільна гэта апісаць для максімальнага датрымання вашых інтарэсаў.