Lexpatent_logo

Рабатызаванае шчупальца: падгледжана ў прыроды

Напрыканцы мінулага года кітайскія навукоўцы апублікавалі артыкул пра стварэнне новага рабатызаванага «шчупальца», якое дазваляе захопліваць і пераносіць грузы значнай масы.

У аснове SpiRobs  так называецца новая распрацоўка  лагарыфмічная спіраль. Як часта бывае, стваральнікі падгледзелі ідэю такога маніпулятара ў прыродзе: навукоўцы скапіравалі стратэгію захопу ў васьмінога, натхніўшыся яго шчупальцамі і іх здольнасцю адаптавацца да аб'ектаў рознай формы.

Асноўнымі перавагамі распрацоўкі сталі яе недарагі выраб з дапамогай 3D-друку, просты прывадны механізм з двух ці трох тросаў, маштабаванасць і магчымасць стварэння масіву з некалькіх робатаў. Такі падыход аказаўся перспектыўным як для захопу буйных аб'ектаў, так і дробных, без прычынення ім шкоды.

Распрацаванае тэхнічнае рашэнне стала прадметам пададзенай у маі 2022 года заяўкі і выдадзенага па ёй кітайскага патэнта CN 114770585 (B), апублікаванага ў кастрычніку 2023 года.

Яшчэ адна прылада падобнага тыпу, якая складаецца з аднолькавых квадратных элементаў, была запатэнтаваная ў Кітаі ў 2024 годзе (CN 115194801). Гэты механізм можа захопліваць аб'екты ў абмежаваных прасторах, буйныя аб'екты і аб'екты спецыяльных формаў.

Іншымі кітайскімі навукоўцамі таксама быў запатэнтаваны робат (CN 111152248), здольны захопліваць прадметы шляхам «намотвання» сябе на іх. Такі робат кіруецца пнеўматычна з дапамогай струменя паветра ўсярэдзіне захопнага элемента.

Цікавасць вучоных накіраваная не толькі на пераносы вялікіх аб'ектаў з дапамогай робатаў, але і на маніпуляцыі ў мікрасвеце. Напрыклад, запатэнтаваны робат-мікрашчупальца (US11197726 (B2), апублікаваны 2021.12.14) можа захопліваць вельмі дробныя мяккія і крохкія аб'екты, такія як ікрынка мойвы ці мураш. Дзякуючы таму, што высілак, што развіваецца робатам, дазваляе маніпуляваць аб'ектамі без пашкоджання, гэтае мікрашчупальца можа быць скарыстанае для біямедыцынскіх мэт, напрыклад, у эндаваскулярнай хірургіі.

А навукоўцы з Аўстраліі прыдумалі гнуткі робат, сумешчаны з 3D-прынтарам. І хоць ён нічога не можа «ўхапіць», гэты робат можа быць вельмі карысным у малаінвазіўнай хірургіі, напрыклад, страўніка ці кішэчніка. Такі робат здольны друкаваць з выкарыстаннем «біялагічнага чарніла»  біяматэрыялаў, якія змяшчаюць жывыя клеткі,  проста на месцы правядзення аперацыі ўнутры арганізма, што змяншае верагоднасць інфіцыравання, як пры класічнай аперацыі, калі графт спачатку «друкуецца», а потым дастаўляецца ўнутр арганізма. Падоўжаная гнуткая частка маніпулятара робата кіруецца гідраўлічна з дапамогай запоўненых вадой мікратрубачак. І, вядома ж, вучоныя не забыліся падаць заяўку на сваё вынаходства, яна апублікаваняа пад нумарам WO 2024156028 (A1) у 2024 годзе.

Калі вы і самі распрацавалі нешта перспектыўнае  не сядзіце на месцы: падавайце заяўку на патэнт! Каманда «Лекспатэнта» дапаможа.