Найбольш частыя памылкі бізнесу, звязаныя з інтэлектуальнай уласнасцю

Усе бізнесы робяць памылкі. Але самыя паспяховыя — вучацца на чужых. Святлана Каралёва, патэнтны павераны “Лекспатэнт”, распавядае пра найбольш частыя памылкі бізнесу, звязаныя з інтэлектуальнай уласнасцю. 

Зрабілі ўпакоўку тавару падобнай да ўпакоўкі канкурэнта? Рыхтуйцеся да непрыемнасцяў. 

Пры вывадзе на рынак новага прадукту кампанія стварае брэнд і распрацоўвае яго візуальны складнік. Некаторыя вытворцы бяруць за аснову папулярны тавар канкурэнта і ствараюць падобную ўпакоўку і лагатып, плануючы пераарыентаваць пакупніка на свой прадукт і ўвайсці на рынак без істотных выдаткаў на прасоўванне новага брэнда. Пры гэтым такія вытворцы могуць правесці неабходны пошук і выявіць, што канкурэнт, як гэта часам здараецца, не паклапацiўся аб прававой абароне ні брэнда, ні афармлення ўпакоўкі. 

Што можа пайсці не так?

Канкурэнт, які асвоіў рынак першым, можа не пагадзіцца з такім становішчам: нават пры адсутнасці правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ён можа скарыстацца нормамі заканадаўства аб абароне ад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Закон Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі” змяшчае невычарпальны спіс формаў нядобрасумленнай канкурэнцыі, сярод якіх “капіраванне або імітацыя вонкавага выгляду тавару, які ўводзіцца ў грамадзянскі абарот на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь іншым гаспадарчым суб'ектам, упакоўкі такога тавару, яго этыкеткі, назвы, каляровай гамы ... ці іншых элементаў, якія індывідуалізуюць канкурэнта і (або) яго тавар”. Калі факт нядобрасумленнай канкурэнцыі бузде утаноулен антыманапольным органам цi судом, вытворцу давядзецца не толькі спыніць выкарыстанне спрэчнага афармлення тавару, але і заплаціць штраф (не менш за 400 БВ).

Рэкамендацыя:

каб пазбегнуць фінансавых і рэпутацыйных страт, не варта спрабаваць паразітаваць на афармленні чужога прадукту. А вытворцам, чыю ўпакоўку імітуюць, рэкамендуем актыўна абараняць свае правы, бо бяздзейнасць матывуе нядобрасумленных канкурэнтаў.